КАБ ТЫ ГЭТАК З НОСАМ (З ДУХАМ) БЫЎ, ЯК ГЭТА ПРАЎДА. Пра манюку, які распускае небыліцы.
КАБЫЛА ЗА ДЗЕЛАМ, А ЖАРАБЯ БЯЗ ДЗЕЛА. Калі запрошаны ў госці прыводзіць з сабой яшчэ незапрошанага.
КАВАЛЬ КУЕ — ЖОНКА ПЯЕ. Калі ў каваля ёсць работа, то ў дастатку і жонка.
КАВАЛЬ РОБЯ ЛЮДЗЬМІ, А СТАЛЯР РОБЯ ГРУДЗЬМІ. Кавалю дапамагае завознік, а сталяр мусіць сам выконваць усю працу.
КАЖУШОК ДЗЯРЖЫЦЬ ДУШОК *. Гэтак сяляне ўсхваляюць кажух, які бароніць ад марозу.
КАЗАЛА КАЧАРГА ГУЛЯЦІ ДА ЧАЦЬВІРГА *. Даўней вяселле ў Беларусі звычайна працягвалася да серады, але калі госці разгуляюцца, дык яно працягваецца да чацвярга. А калі і ў чацвер госці не разыходзіліся, дык гаспадару даводзілася разганяць вяселле качаргой.
КАЙІНЬНЯ ПОЗНА ХОДЗЯ. Пра таго, хто позна раскайваецца. Федароўскі: Каянка будзе, а паўроткі ні (не) будзе; Каянка есць, да (але) паўроткі німа.
КАЛІ БАБА ХРОМА, ДЫК СЯДЗІ ДОМА. Хто нядужы або няздольны да цяжкай працы, хай не бярэцца за такую работу.
КАЛІ БОГ ДАСЬЦЬ, ДЫК У ВАКНО ПАДАСЬЦЬ *. Калі пашанцуе каму-н., дык шчасце само прыйдзе ў хату. Федароўскі: Калі Бог дасць, то і праз акно падасць.
КАЛІ БОГ ЗАХОЧА ЧАЛАВЕКА ПАКАРАЦЬ, ДЫК ПЕРШ РОЗУМ АДБЯРЭ *. Пра таго, хто трапіў у бяду праз сваю дурноту і неразважлівасць. Насовіч: Калі Бог хоче каго укараць, то упярод розум адбяре.
КАЛІ БОГ НІ ДАПУСЬЦЯ, ДЫК СЬВІНЬНЯ НЕ З'ЕСЬЦЬ. Гэтак адказваюць на пагрозу слабых або нікчэмных людзей, рызыкоўнае, здавалася, становішча, якое скончыцца мірам. Насовіч: Калі Бог зсудзіць, то і чорт ні разгудзіць; Федароўскі: Калі Бог ні засудзіць, то ліхо не згудзіць.
КАЛІ БРУСЬНІЦА ЧЫРВАНАБОКА, ДЫК ПАРАБАК НАСЬПІЦЬ ВОКА. Брусніцы пачынаюць спець у канцы ліпеня, калі ноч прыбудзе; тады парабак выспіцца. Федароўскі: Як у брусніцы чырвоныя бока, тады парабак наспіць вока.
78 👁