Старонка 41
◀ / 322 ▶
З БЛАГОГА СТАТКУ НІ Ў КЛЕЦІ ЛОЮ, НІ Ў ХЛЕВЯ ГНОЮ. Пра благі статак, благіх працаўнікоў і г. д. З БОГАМ, ПАРАСКА, КАЛІ ЛЮДЗІ ЗДАРАЮЦЦА. Прымаўляюць благому чалавеку, калі той пагражае пакінуць грамаду. З ВЯЛІКАГА ГРУКУ МАЛЫ ДОЖДЖ БЫВАЯ *. Выказваюць, калі шумная справа канчаецца нічым. Кажуць, калі ў вялікую міску налілі мала есці або на каго-н. адзелі вялікую адзежу. З ГЭТАГА ВІТАШКА КОЖНЫ З СВАЙГО ГАРШКА. [МІШКА]. Гэтак абвяшчаюць, што з наступнага месяца кожны самастойна будзе харчавацца. З ГЭТАГА КВАСУ ПІВА НЯ БУДЗЯ. Калі лічаць, што распачатая праца не дасць жаданага выніку. З ДУРНЯМ НІ ЗНАЙСЬЦІ, НІ ЗГУБІЦЬ *. З дурным справы не зробіш, не дамовішся, ні дасягнеш чаго-н. добрага, талковага. Федароўскі: З дурным і нашоўшы ні падзеліш (ўкраўшы ні падзеліш); З дурным лепш згубіць, як знайсці. З КІМ ПАЗНАІШСЯ, ГЭТАКІМ І САМ СТАНІШСЯ. Пра таго, хто пераняў погляды, звычкі і г. д. таго, з кім жыве, дружыць, мае зносіны. Санько: З якім спазнаешся, такім станешся; За пчолкаю — у мёд, за жукам — у гной; Ліхая хеўра на ліха вывядзе. Гл. с. 248. З МАЛАДОСЬЦІ ЛЕПШ ГРЫЗЬЦІ КОСЬЦІ, А ПАД СТАРАСЬЦЬ МЯСА ЕСЬЦІ. Лепш замалада пагаладаць, каб прыдбаць нешта на старасць і пражыць яе без турбот. З МАЛОЙ ІСКРЫНКІ ВЯЛІКІ ПАЖАР БЫВАЯ *. З нязначнай прычыны вялікая справа выбухае. Федароўскі: З малой іскры вялікі агонь (пажар) бывае. З МАНОЙ СЬВЕТ ПРОЙДЗІШ, АЛІ НАЗАД НЯ ВЕРНІШСЯ. Другі раз не падманеш. Грынблат: Хітрасцю ўвесь свет перайдзеш, а назад не вернешся. Гл. С. 142, 150, 162. З МУЗЫКІ І ДУДАРА НЯ БУДЗЯ ГАСПАДАРА *. Калі музыкі загульваюць на вяселлях ды ігрышчах, дык гаспадарка марнуецца. Федароўскі: З музыкі да млынара ні будзе гаспадара; З музыкі да маляра нігды німа гаспадара. З НІЗАБІТАГА ЛІСА ШУБЫ НЯ ШЫЮЦЬ. Прыгаворваюць таму, хто марыць пра вялікія планы, не маючы на гэта грунтоўнай падставы і матэрыяльных магчымасцяў.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 322 ▶