ЕЖ КАПУСТУ І З ГРЫБАМІ, ДЗЯРЖЫ ЯЗЫК ЗА ЗУБАМІ. Напамінаюць, каб за ядой пустога не гаварылі, а таксама нічога лішняга, каб не выдаць сакрэт. Санько: Памаўчы, язычок, калі ясі, а не памаўчыш — трасцу з'ясі.
Ж
ЖВАВАМУ КАНЮ ПУГІ НІ ПАКАЗВАЙ. Добрага работніка не трэба падганяць.
ЖОНКА — МУЖЫКОВА ПЯЧОНКА *. Якая б жонка не трапілася, з ёю трэба век дажываць. Грынблат: Жонка не рукаў — не адпораш; Жонка не бот — не скінеш.
ЖЫВЁМ, ЯК БРАЦЬЦЯ, А РАХУІМСЯ, ЯК ЖЫДЫ. Жывуць дружна, але за паслугі расплачваюцца.
ЖЫВІ ПРОСТА — ПРАЖЫВЕШ ЛЕТ ДО СТА. Жыві памяркоўна, дык пражывеш доўга.
ЖЫВЫ ЖЫВОЯ Й ДУМАЯ. Кажуць пра чалавека, які ў першую чаргу звяртае ўвагу на першачарговыя, жыццёва надзённыя клопаты.
ЖЫТНІ КОЛАС ВЯДЗЕ ГОЛАС. Хто пад'еў, таму і пяецца.
З
З АГНЁМ НІ ЖАРТУЙ І ВАДЗЕ НІ ВЕР *. Перасцярога пры небяспечных сітуацыях: пры агні, пры купанні і г. д. Санько: З агнём жартаў няма; Агонь адмсціцца, як яго ўцвеліш; Хто гуляе з агнём, дагуляецца да попелу.
З АДНАГО ВАЛА ДЗЬВЮХ СКУР НІ ДЗЯРУЦЬ. Так выказваюцца супраць вялікіх падаткаў або тады, калі хочуць узяць з каго-н. яшчэ раз плату за тое, што ён ужо расплаціўся нейкім чынам. Насовіч: Дзве скуры з аднаго вала не дзяруць; Федароўскі: Хочаш з аднаго вала дзесяць скур драць; З аднаго вала дзьвух скур (шкур, сем скур) ні дзеруць.
З БЛАГОГА БЫКА НІ ЛОЮ, НІ МАЛАКА. Прымаўляюць пра благую скаціну або бескарыснага чалавека. Федароўскі: Ні лой, ні масло.
З БЛАГОГА КУСТА БЛАГАЯ І ПТУШКА ВЫЛІТАЯ. Кажуць, калі вырадкі і злачынцы выводзяцца з благой радні. Федароўскі: Які куст, такія адросткі.
91 👁