ДОЎГ НЯ ГРЭЯ. Так кажуць пра доўг, які прыйдзецца калі-н. аддаваць. Таму разважлівы чалавек і ў пільнай патрэбе не хоча залазіць у даўгі, а калі завінаваціцца, стараецца хутка вярнуць доўг.
ДУДАР ДУДАРУ ДАРМА ЙГРАЯ. Людзі аднаго рамясла, грамадскага стану, звання звычайна адзін аднаму дапамагаюць. Насовіч: Дудар дудару дарма іграе; Федароўскі: Дудар і дудару дармо граць ні будзе (дармо ні заграе).
ДУРАНЬ ДУРНЯ ЗНАЯ, ДУРАНЬ ДУРНЯ І ЧАПАЯ. Прыказваюць таму, хто з недарэчным чалавекам уступае ў спрэчку, у жарты.
ДУРНЯ І Ў ЦАРКВЕ Б'ЮЦЬ *. Дурня і ў прыстойным месцы не шануюць. Федароўскі: Дурня і з касцёла выкідаюць (і ў касцёле б'юць).
ДУРНЯ ДОЎГА ШУКАЦЬ НЯ ТРЭБА — ЁН САМ СЯБЕ ПАКАЖА *. Кажуць пра таго, хто недарэчнае пляце, нясе лухту.
ДУРНЯ НЯ СЕЮЦЬ, НІ ПАШУЦЬ, А ЁН САМ РОДЗІЦЦА. Гаворыцца звычайна як ацэнка чыйго-н. промаху, недарэчнага ўчынку і г. д. Насовіч: Дурняў не сеюць, а самі родзяцца; Федароўскі: Дурняў не сеюць, не гаруць, яны самі родзяцца; Санько: Дурняў не сеюць і не жнуць, яны самі растуць; Дурань не родзіцца, а сам знаходзіцца; Добрую траву чалавек сее, а ліхая чорт ведае адкуль бярэцца.
ДУША МЕРУ ЗНАЯ *. Чалавек павінен ведаць, колькі можа выпіць, каб не ахмялець. Насовіч: Душа меру знаець; Федароўскі: Губа меру знае.
ДУША НЕ КОРАБ *. Адказвае госць, калі гаспадыня наракае, што ён мала еў.
Е
ЕДУ Ў РЫГУ ПА СОЛЬ, ПА СКРЫГУ. Адказваюць так, калі не хочуць сказаць, куды едуць, калі іх пытаюць: «Куды едзеш?» Гл. с. 31.
ЕЖ, ДУРАНЬ, БО Ж ТО З МАКАМ *. Гаворыцца як падахвочванне да чаго-н., калі нехта заахвочвае каго-н. да таго, каму што не падабаецца. Насовіч: Еш, дурань, бо то з макам; Выслоўі: Еш, дурань, бо то з макам.
78 👁