Старонка 38
◀ / 322 ▶
ДОБРА Ў ЛЮДЗЯХ, АЛЕ ЦЯЖКА Ў ГРУДЗЯХ. Кажуць так тыя, хто жыве ў чужым краі, дзе знаходзіцца на заробках або замужам у чужой хаце. ДОБРАМУ ЧАЛАВЕЧКУ ДОБРА Й У ЗАПЕЧКУ, А БЛАГОЙ БЛАГАЦЕ БРЫДКА Й НА КУЦЕ *. Паважаны, заслужаны чалавек і на другарадным месцы сваёй славы не траціць. Федароўскі: Добраму ўсюды добра, а кепскаму кепско. ДОБРАЯ ДАЛЁКА ЧУВАЦЬ, А БЛАГОЯ ЯШЧЭ ДАЛЕЙ *. Добрая слава распаўсюджваецца далёка, а яшчэ далей разносяцца благія чуткі. Напамінак маладым, каб яны ўстрымаліся ад благіх паводзін. Насовіч: Добрае чуваць далёка, а дурное яшчэ далей; Федароўскі: Добрае далёка чуваць, а ліхое яшчэ далей; Добрае доўга ў памяці, а ліхое яшчэ даўжэй. ДОБРАЯ СЛАВА ДОМА ЛЯЖЫЦЬ, А БЛАГАЯ ДАЛЁКА БЯЖЫЦЬ *. Благая слава хутка распаўсюджваецца, а добрая слава чалавека можа застацца невядомай. Федароўскі: Добрая слава дарожша багацтва. ДОБРЫ СЯБРА ТАГО НІ ДАСЬЦЬ, ШТО БЛАГАЯ ЗЯМЕЛЬКА. Больш за ўсё дабрабыту дабудзеш працай сваіх рук, чым пры дапамозе некага, нават добрага сябра. Благая зямля з году ў год жывіць, чаго сябра не зробіць. ДОЖДЖ ІДЗЕ — ГРЫБЫ БУДУЦЬ, ДЗЕЎКІ РАСТУЦЬ — БАБЫ БУДУЦЬ. Гэтак жартуюць, калі ў сям'і расце шмат дзяўчат. ДОЛЯ МАЯ ЧУБАТАЯ — НІХТО МЯНЕ НІ СВАТАЯ. Пра дзяўчыну, якую ніхто не бярэ замуж. ДОРАГА ЛЫЖКА ДА АБЕДУ. Гавораць так, калі прыходзіцца пераплачваць за рэч, без якой не можна абыйсціся ў пэўнай сітуацыі ў гэты момант. Каштоўна, прыемна тое, што зроблена, атрымана ў час. Насовіч: Дорага ложка к абеду; Грынблат: Да абеду лыжка дорага; Дарага лыжка перад абедам; Санько: Дарагое яечка да Вялікадня; Дарагая помач у свой час; Усё добра ў пару; Не ў час лыжка па абедзе. ДОРАГА НЯ ТОЕ, ШТО Ў ГОД, АЛІ ТОЯ, ШТО Ў РОТ. Кажуць пра пераплату за неабходны харч або за абмен якіх-н. рэчаў на хлеб і іншыя харчовыя тавары. ДОСЯ БЛАЗНАВАЦЬ, КАЛІ СТАЛІ Й ДЗЕЦІ ЎЗНАВАЦЬ. Пры дзецях не варта казаць непрыстойнасці.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
88 👁
◀ / 322 ▶