ДЗЕ ЎЖОН, ТАМ І ЎМАЛОТ. Калі ў селяніна вялікая колькасць снапоў, дык можна спадзявацца, што ён шмат намалоціць збожжа. ДЗЕ ХВЭСТ — І ЙІНА ТАМ ЕСТ *. Кажуць пра таго, хто без запрашэння ціснецца на чужыя бяседы ці ўмешваецца ў чужыя справы. ДЗЕ ЧОРТ НІ АРАЎ, ТАМ СЕІЦЬ НІ СТАЎ. Калі нехта не спадзяецца на ўдачу ў якой-н. справе, то ён не рызыкуе. ДЗЕЛЯ АДНАГО ЖЫДА КІРМАШ БУДЗЯ. Прыказвае селянін, калі лянуецца працаваць на гаспадарцы і хоча ехаць на кірмаш. ДЗЕЛЯ АДНАГО САЛДАТА НЯ БУДЗЯ ВОЙСКА ШЧАРБАТА. Прымаўляюць так, калі ў багатага гаспадара просяць тое, чаго ён мае шмат. ДЗЕЛЯ ДРУЖБЫ І ЦЫГАН ВЕШАЎСЯ. За кампанію пад уплывам грамады можна нарабіць шмат неразумных учынкаў. Насовіч: Дзеля дружбы цыган павесіўся; Федароўскі: Для кампаніі цыган даўся павесіць. ДЗІЦЯ ТРЭБА ГОД КАЧАЦЬ, ЯК ЯЕЧКА Й ПЯЦЬ ГАДОЎ ПАСЬЦІЦЬ, ЯК АВЕЧКУ. Каб выхаваць добрае дзіця, трэба прыкласці многа працы і клопатаў. ДЗЯДЫ НЕ МЕЛІ БЯДЫ, А ЎНУКІ НАБРАЛІСЯ МУКІ. Раней было лепей. Федароўскі: Дзяды не зналі бяды, але ўнукі зажываюць мукі. ДЗЯКУЙ БОГУ, ШТО МЫШЫ ПАГАРЭЛІ. Калі пры вялікім убытку чалавек застаецца задаволеным хоць чым-н. Навуменка: Згарэла хата, згарэлі і клапы. ДЗЯКУЙ! — ВЫБАЧАЙ! АЛІ БОЛІ НІ ДАКУЧАЙ! Прыказваюць, калі частуюць няпрошанага госця. ДЗЯРЖЫ ГАЛАВУ Ў ХОЛАДЗЯ, БРУХА Ў ГОЛАДЗЯ, А НОГІ Ў ЦЯПЛЕ — НІКОЛІ НІ ПРАПАДЗЕШ. ДЗЯРЫ ЛАЗУ, КАЛІ ДЗЯРЭЦЦА. Работу трэба рабіць у адпаведны час. Гл. с. 146, 173, 193. ДЗЯРЭЦЦА — НА НОВАЯ СПАДЗЯЕЦЦА. Трэба рупіцца пра новую адзежку. Федароўскі: Дзярэцца, а яшчэ на новае не бярэцца. Гл. с. 173. ДЗЯЦІНЫ ХЛЕБ ГОРАК. Прыказваюць старыя бацькі, калі іх крыўдзяць дзеці.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁