Старонка 36
◀ / 322 ▶
ДЗЕ КАМУ БАЛІЦЬ, ТАМ ТОЙ І СТУДЗЯ. Гаворыцца тады, калі хто-н. у размове пастаянна вяртаецца да таго, што яго турбуе, хвалюе. Федароўскі: Дзе баліць, там ударышся. ДЗЕ КІНЬ — ТАМ КЛІН, ДЗЕ ПАЛА — ТАМ ПРАПАЛА *. Пра цяжкасці ў працы, гаспадарцы і г. д. Федароўскі: Дзе не кінь, там клін. ДЗЕ КОРАТКА, ТАМ І РВЕЦЦА *. Калі ў чым-н. не шанцуе, тады і здараецца яшчэ большая непрыемнасць. Грынблат: Дзе тонка, там і рвецца; Дзе коратка, там рвецца, дзе больш, так б'ецца; Санько: Дзе коратка, там рвецца, дзе балюча, там б'ецца. ДЗЕ МЫ ЖЫВЁМ, ТАМ ПУГА З ВУЗЛОМ *. Так прыгаворвае той, каму дрэнна жывецца, хто скардзіцца на свой лёс. ДЗЕ НАЧУЯ, ТАМ І ДНУЯ. Пра валачашчага чалавека. ДЗЕ НЯНЕК МНОГА, ТАМ ДЗІЦЯ БЕЗНОГА *. Пра гаспадарку, дзе многа работнікаў, а справа рухаецца вельмі марудна, бо кожны спадзяецца на суседа. Насовіч: Дзе нянек многа, там часта дзіця бязносае; Грынблат: Дзе нянек многа, там дзіця бязнога; Дзе нянек многа, там дзіця без носу; Дзе багата нянек, там дзеці бязносыя. ДЗЕ ПІВА П'ЮЦЬ, ТАМ І РАЗЬЛІВАЮЦЬ. Гавораць пераважна пры пачастках, калі незнарок праліваюць гарэлку, віно і да т. п., або калі губляюць нешта пры раздзеле чаго-н. ДЗЕ РОСТ, ТАМ І ЎМАЛОТ. Гавораць, калі парасло збожжа, дык з яго можна спадзявацца на добры ўмалот; таксама пра чалавека моцнага складу, з якога, можна спадзявацца, будзе добры работнік. ДЗЕ СЕЎ, ТАМ І ПРЫКІПЕЎ *. Пра неруплівага чалавека, які заседзіўся на доўгі час у каго-н. ДЗЕ СІРАЦЕ БАЦЬКУ БРАЦЬ? * Кажуць пра стан адзіноты, пакінутасці, безнагляднасці або, калі няма патрэбнай рэчы і прыходзіцца шукаць ёй нейкую замену. Федароўскі: Дзе сіраце бацька ўзяць, калі яго з роду ні было. ДЗЕ ТУТ У ВУБОСТВЯ ЖЫВУЧЫ, ДЫ ЗЬ ПЕРЦАМ ЕСЬЦІ. Кажуць, калі нехта да благой адзежы аздобленне вешае.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 322 ▶