ДАСЬЦЬ БОГ ДЗЕНЬ, ДАСЬЦЬ І ПАЖЫТАК *. Неяк будзе, усё ўладзіцца; раніцай усё будзе ясней на свежую галаву. Санько: Даў Бог стан — дасць і жупан; Дасць Бог хлеба — дасць і да хлеба; Дасць Бог дзень — дасць і спажытак.
ДАСЬЦЬ БОГ ДОНЬКУ, ДАСЬЦЬ БОГ І ДОЛЬКУ *. Гавораць таму, хто гаруе, што ў сям'і дочкі, а не сыны.
ДАТУЛЬ МАЦІ МІЛА, ПАКУЛЬ ПЯТЫ МЫЛА. Дзеці ўдзячны маці да той пары, пакуль яна клапоціцца пра іх дабрабыт.
ДАЎ БЫ ШЭЛІГ НА МАЛЕБІН, ДЫК САМОМУ ПАТРЭБІН. І на добрую справу не можна афяраваць таго, што пільна самому патрэбна. Федароўскі: Даў бы на малебен, але і сам патрэбен.
ДАЎШЫ ПУГУ, ТРЭБА ДАЦЬ І ЛЕЙЦЫ. Даручыўшы каму-н. малую справу, трэба ўвесці яго ў курс усёй справы. Калі бацька даручыў сыну выконваць працу на гаспадарцы, дык ён мусіць дазволіць яму і кіраванне ёю.
ДВА ВЯКІ ЖЫЦЬ НЕ БУДЗІМ *. Прыгаворваюць таму, хто збірае вялікія запасы. Ужываецца як неадабрэнне скупасці і напамінанне, што жыццё недаўгавечна. Федароўскі: Два векі ні пражыць; Бог веку ні прадлужыў.
ДВА ГАДЫ НІ ВЯЧЭРАЙ, ДЫК НА ТРЭЦІ ХЛЕБА ЗАСТАНЕЦЦА. Так гавораць жартам таму, хто позніцца на вячэру.
ДВА КАТЫ НА АДНЫМ САЛЯ НЯ ТОЎПЮЦЦА. Калі два гаспадары жывуць у адной хаце або на адной гаспадарцы. Сапернікі разам не ўжываюцца. Насовіч: Два каты ў адным мяшку не месцюцца; Два мядзведзя ў адной бярлозе не месцюцца; Раманаў: У адной мярлозе два мядзведзі не ўжывуцца; Федароўскі: У адным мяшку два каты ні месцюцца.
ДВОР ПА БОР, ВАРОТЫ ПА БАЛОТА. Пра бязладную гаспадарку і нядбайнага гаспадара.
ДЗЕ БАЛІЦЬ, ТАМ І ЛУЧАІЦЦА. Гавораць, калі ўдараць па балючаму месцу або ўспомняць пра нейкія балючыя перажыванні, непрыемнасці. Санько: Дзе баліць, там і вытнешся; На балючае вока ўсе парушыны ляцяць.
ДЗЕ ДЗЕНЬ, ДЗЕ НОЧ — І ТЫДЗЕНЬ ПРОЧ. Пра аднастайна пражытыя дні.
84 👁