ГАРУЮ, БАЦЮШКА, ГАРУЮ: З АДНЭЙ КАРЧМЫ Ў ДРУГУЮ. Пра беспрабуднага п'яніцу.
ГАТОВАЯ, ЯК ДУРНОЯ — САМО Ў РУКІ ЛЕЗЯ. Калі патрэбныя рэчы ляжаць навідавоку.
ГВАЛТАМ АДАБРАЦЬ — АДБЯРЭШ, АЛІ ДАЦЬ — НІ ДАСІ. Кажуць у выпадку, калі хто адмаўляецца ад пачосткі ці нейкай матэрыяльнай дапамогі.
ГЛУХІ НЕДАЧУЯ, ДЫК ПРЫЛОЖА. Пра таго, хто, недачуўшы пачутага, змяніў сэнс сказанага наадварот. Насовіч: Глухі недачуе, дык прыложыць.
ГЛУХОМУ ДВА ЗДАЕЦЦА *. Пра таго, хто недачуў і перапытвае. Гаворыцца ў адказ на просьбу або патрабаванне паўтарыць сказанае пры нежаданні рабіць гэта. Лепешаў: Глухому дзве абедні не служаць; Грынблат: Глухому дзве малебны не служаць.
ГОІНАЙ РАНЫ НЯ ТРЭБА КВЯЛІЦЬ *. Не трэба ўспамінаць крыўды, не раздражняць каго-н. дакорамі пра мінулыя звадкі. Насовіч: Гоінай раны не трэба дражніць.
ГОЛАД І КРАДЗЕ І МАНІЦЬ. Голад штурхае на розныя злачынныя ўчынкі. Насовіч: Голад і ілжэць і крадзець. Гл. с. 244.
ГОЛАД НЯ ЦЁТКА. Голад прымушае рабіць супраць волі, пакарыцца абставінам. Кажуць так, калі ядуць не вельмі смачную страву або ў апраўданне дзеянняў, якія звязаны з пошукамі ежы. Насовіч: Голад не цётка, з'ясі, што папала; Грынблат: Голад не цётка, паглядзяць ды з'ядзяць; Санько: Голад не дзядзіна, з'ясі і крадзена; Голад не цётка, з'есць, што патрапіць; Галоднаму асцюкі не колюцца; Чорт з голаду й мух еў.
ГОЛАМУ РАЗБОЙ НІ СТРАШАН *. У жабрака няма чаго адбіраць, на яго нападаць не будуць. Таму яму не страшныя і пагрозы. Грынблат: Голы разбою не баіцца; Санько: Старцу пажар не страшны; З жабрака сарочкі не здзярэш; Мокры дажджу не баіцца.
ГОЛЫ ЗБІРАЙСЯ, А ГОЛЫ ГАТОЎ *. У беднага мала рэчаў, таму яму лёгка сабрацца. Кажуць так жартам каму-н. перад адыходам. Лепешаў: Голы, збірайся, голы гатоў; Грынблат: Голы, збірай! — Голы гатоў.
ГОРА ВЫТРЫВАІШ, А РОСКАШЫ НЕ. Разгульнае жыццё да дабра не прывядзе.
91 👁