роўскі: Ад смерці доктара няма; Ад смерці нідзе не схаваешся; Ад смерці ніхто не выкупіўся, не выпрасіўся; Ад смерці няма лякарства; Ад смерці не выкруцішся, ні вымалішся.
АД СЬНІТКІ НОГІ ЯК НІТКІ *. Ранняй вясной варылі страву з травы сніткі, ад якой чалавеку мала пажытку.
АД ТАГО МЫ ПАГАЛЕЛІ, ШТО СОЛАДКА ПІЛІ І ЕЛІ. Да галечы і хвароб часта прыводзіць п'янства і смачная ежа. Федароўскі: Для таго пагалелі, што смашна пілі да елі; Не праз тое пагалелі, што смашна пілі да елі, да праз тое, што не стараліся.
АДВАГА АБО МЁД П'Е, АБО КАЙДАНЫ ТРЭ. Пра рызыканта ў якой-н. небяспечнай справе.
АДВАГА І ГАРАДЫ БЯРЭ. Адважны, рашучы чалавек заўсёды дабіваецца поспеху, перамагае. Грынблат: Смеласць гарады бярэ; Храбрасць гарады бярэ.
АДВАГА НІ ЗЬНІВАГА. Адвага заўсёды з'яўляецца станоўчай прыкметай чалавечага характару.
АДВАЖНЫ НІ БАІЦЦА НІЎДАЧЫ. Федароўскі: Адважны ніколі не каецца.
АДВАЖНЫ — ПАН ВАЖНЫ. Адважнага паважаюць прыяцелі і ворагі.
АДВАЖНЫ П'Е МЁД, А РАЗДУМ — ВАДУ. Адважныя людзі жывуць у дастатку, а разважлівыя часцей бедна, бо дзейнічаюць не актыўна і не рызыкуюць.
АДДАЙ СУЧКУ, А САМ БРАШЫ. Кажа той, каго высмейваюць, што ён карыстаецца паслугамі несумленных абаронцаў.
АДЗІН БАГУЦКІ, І ТОЙ НЯ ЛЮДСКІ. Пра дзіця, калі яно адно, але недарэчнае ці благое.
АДЗІН ВЫРАЙ ВЯСНЫ НЯ РОБЯ *. Асобныя прыкметы якой-н. з'явы не сведчаць пра яе сапраўдны надыход, існаванне. Першая навіна можа быць і фальшывай. Лепш пачакаць і паглядзець, ці яна спраўдзіцца. Санько: З адной краскі вянок не саўеш; Першы шпак вясны не робіць.
АДЗІН ДАСУЖ, ДЫ НЯДУЖ. Хоць адзін і можа прапанаваць добрую справу, але часта не ў сілах зрабіць вялікай работы. У адзіноце справа пераважна не ладзіцца. Санько: Адзін дуб у полі, то не лес; Адна пчала мёду не наносіць; Адна галавешка і ў печы не гарыць.
АДЗІН ЗАДЗІРАХА, ДРУГІ НЕСПУСЦЯХА. Калі абое роўныя пачынаюць звадку. Адзін аднаго варты.
83 👁