ХЛЕБ-СОЛЬ ЕШ І ПРАЎДУ РЭЖ *. Незалежна ад адносін заўсёды гавары праўду. Насовіч: Хелеб-соль еж, а праўду рэж.
ХЛОПІЦ НА КАНІ ЕДЗЯ, А ДЗЯЎЧЫНА РОДЗІЦЦА Й ЯМУ ЗГОДЗІЦЦА. Вялікая розніца ў гадах не з'яўляецца перашкодай у шлюбным жыцці.
ХОЦЬ І НІ РАД, ДЫ ГАТОЎ. Кажа той, хто вымушаны падпарадкоўвацца праву. Федароўскі: Хоць ні рад, да гатоў.
ХОЦЬ І НЯ РОДЗЯ, АЛІ НАСЕНЬНЯ НЯ ЗВОДЗЯ. Пра вельмі благую зямлю.
ХОЦЬ І ПА ШЭЛІГУ ЛУСТА, АЛІ КІШЭНЬ ПУСТА. Хоць і танна прадаецца рэч, але не купіш, калі няма грошай. Кажуць, калі крыху не хапае да жаданага. Янкоўскі: Хоць блізка, але пад нагамі слізка; Хоць запалі, дык не трэсне.
ХОЦЬ І СТО ЛЕТ, АЛІ СОРАМУ НЕТ. Пра старую працавітую жывёлу і старога чалавека, якія, тым не менш, выконваюць сваю працу. Насовіч: Хоць каратыш, да не варонакыш; Янкоўскі: Хоць да старасці, але каб у пачцівасці.
ХОЦЬ І ТРАШЧУ, ДЫ НІ ПУШЧУ. Гэтак кажуць пра лёд увосень, калі ён мацнее, а таксама пра маладога чалавека, які набірае сілу.
ХОЦЬ ВАЎКОМ НАЗЫВАЙ, АЛІ НА ДЗЕНЬ ПА БАРАНУ ДАВАЙ. Пра таго, хто не зважае на маральную абразу, думае толькі пра сваю карысць. Насовіч: Хоць гразь пелескаць, было б сваё сыскаць; Хоць вачам стыдна, да жывату зачысна; Санько: Хоць мяне воўкам называй, толькі штодзень барана дай; Федароўскі: Хоць міне воўкам называй, толькі штодзень барана давай.
ХОЦЬ ГАРШКОМ НАЗЫВАЙ, АЛІ Ў ПЕЧ НІ СТАЎЛЯЙ. Кажуць крыўдзіцелю: можна сцярпець маральную крыўду, але не трэба чыніць мне крыўды фізічнай. Таксама гаворыцца, калі хто-н. не зважае на тое, як яго назвалі або празвалі. Рапановіч: Хоць ты гаршком заві, але ў печ не стаў; Хоць парасём заві, толькі ў мех не садзі; Санько: Хоць гаршком называй, адно ў печ не стаўляй; Няхай бы чортам называлі, абы ў балота не гналі; Як хочаш мяне лай, адно цераз плот не перакідай; Хоць лай, хоць бай, а была б дай.
78 👁