У ЧУЖУЮ ПРОСУ НЯ СУНЬ НОСУ *. Так гавораць таму, хто пачынае ўмешвацца ў чужую гутарку, справы, якія яго не тычацца. Ляцкі: У чужое проса ня тыкай носа; Да чужога проса ня тычы носа.
У ЧУЖЫМ БАКУ ВОЧЫ ПА КУЛАКУ *. У чужым баку, каб не памыліцца, трэба пільна прыглядацца да людзей і наваколля. Лепешаў: У чужой старонцы не так свеціць сонца; Рапановіч: У чужым баку вочы па кулаку; Федароўскі: У чужом краю, як на пагарэлі.
У ЧУЖЫМ ЗАСЬЦЕНКУ ДЫК І Я ЗА ДЗЕЎКУ. Гэтак жартуюць з малапрыкметнага чалавека, якога часам у чужым асяроддзі прызнаюць за паважанага.
У ЯГО Й ЗІМОЙ СЬНЕГУ НІ ДАСТАНІШ *. Пра вельмі скупога чалавека. Насовіч: У яго і ўзімку лёду не дастаць; Грынблат: Скупы зімой лёду не дасць; Рапановіч: У яго і зімой лёду не дастанеш.
У ЯГО ТОЛЬКІ ДАМКОЎ, КОЛЬКІ Ў ЗАЙЦА ЛАМКОЎ *. Кажуць, калі нехта хваліцца сваім багаццем, дамамі і г. д., якіх на самай справе няма. Насовіч: Багат Цімошка: сабака і кошка; Санько: Багаты Хадот: сабака ды кот; У вераб'я багатая сям'я: у кожнага верабейкі па тры капейкі; Федароўскі: Мешок парожны, а ў мешку дзірка.
У ЯГО ТОЛЬКІ ПРАЎДЫ, КОЛЬКІ Ў РЭШАЦЯ ВАДЫ *. Пра манюку. Насовіч: Шчот вялік, да праўды мало; Грынблат: Толькі ў цябе праўды, колькі ў рэшаце вады.
УЗЯЛІСЯ ЗА ДЗЕЛА, ЯК ВОШЫ ЗА ЦЕЛА. Насмешка з тых, хто жвава ўзяўся за несправядлівую справу: калі кожны сабе цягне бесгаспадарчую маёмасць.
УКРОЙ — НЯ УДОЙ. Адказвае так гаспадыня, калі работнікі наракаюць, што мала сала ў ежу адпускаецца, а пераважна малако.
УЛЕТКУ, УЛЕТКУ ЗРАБЛЮ САБЕ КЛЕТКУ! КАЖА САБАКА. Так кажуць, калі гультай стане хваліцца, што некалі ён пабагацее.
УМЕЛА ГАСПАДЫНЬКА ГАТАВАЦЬ, АЛІ НЯ ЎМЕЛА ПАДАВАЦЬ. Ва ўсім неабходна ўмеранасць і паслядоўнасць. Гэтак жартуюць госці, калі гаспадыня падае на стол штораз усё лепшыя стравы.
УМІРАЕ НІ СТАРЫ, АЛІ ПАРАВЫ. Гэтак спачуваюць таму, у каго ў радні памёр малады чалавек. Насо
73 👁