У ВОСІНЬ І ВІРАБЕЙ БАГАТЫ *. Гэтак прамаўляюць бацькі, калі адкладваюць вяселле сына або дачкі на восень, і крэдытор, калі даўжнік просіць яго адтэрмінаваць доўг на восень.
У ГАСПАДЫНІ РАБОТА АДНА, ТРЭБА ЯЕ РАБІЦЬ ШТОДНЯ. Пра штодзённую цяжкую і аднастайную працу гаспадыні.
У ГАСЬЦЯХ ДОБРА, А ДОМА ЛЕПІ *. Кажуць, калі збіраюцца ісці з гасцей або пасля вяртання дамоў. Федароўскі: У гасціне добра, а ў дома лепей; Грынблат: У гасцях добра, а дома лепш.
У ДАСТАТКУ РЫБКУ СКОБЛЮЦЬ, А Ў НІСТАЧЫ З ЛУСКОЙ ЯДУЦЬ. Прымаўляе бядняк, калі яго папікаюць блага прыгатаванай ежай або калі ён несамавіта апрануты.
У ДВУХ — РАДА, А Ў ТРОХ — ЗДРАДА. Сакрэт захоўваецца толькі тады, калі пра яго ведаюць усяго дзве асобы; у іншым выпадку — гэта ўжо не сакрэт. Федароўскі: Дзе двое — там рада, а дзе трэйці, там зрада.
У ДОБРЫ ЧАС СКАЗАЦЬ, А Ў БЛАГІ ПАМАЎЧАЦЬ. Прыказваюць, калі хочуць нешта сваё пахваліць, ды баяцца, каб не сурочыць. Калі чалавек кажа пра што-н. нядобрае, але лепш пра гэта не гаварыць. Насовіч: Дай Божа ў добрый час сказаць, а ў ліхі памаўчаць; Федароўскі: Дай Божа ў добры час выгаварыць, а ў ліхі памаўчаць.
У ДУРНОГА ЎСЁ ДУРНОЯ. Маюць на ўвазе таго, хто нешта благое зрабіў ці сказаў. Федароўскі: У дурного, то і млын касьцёлам.
У ЗІМЫ РОТ ВЯЛІКІ. Гавораць, калі нарыхтоўваюць шмат харчу на зіму. Федароўскі: Зіма з вялікім горлам — усё паесьць.
У КАГО ДОЧКІ, ТОЙ ХОДЗЯ БІЗ САРОЧКІ. Дочкам, якія выходзілі замуж, трэба было набіраць шмат палатна на пасаг; таму ўжо бацьку не хапала палатна на сарочку. Федароўскі: Толькі рубашка да перапірашка; Апошнюю кашулю знімаюць.
У КАГО МАТКА, У ТАГО ГАЛОЎКА ГЛАДКА. Пра шчасце дзяцей, якія маюць родную маці, якая клапоціцца ўвесь час пра іх дабрабыт. Насовіч: У каго матка, у таго галоўка гладка; Федароўскі: У свае маткі ўсе добрые дзяткі; Кажда матка сваіх дзецей ні абманіць. Гл. с. 240.
74 👁