Настабурчыцца дзеясл., зак. Натапырыцца.
У сенцах узлез [кот] на паліцу і настабурчыўся: пачуў, быццам скрабаюцца мышы ў скрынцы з прыпасамі. (М. Гарэцкі. Смачны заяц)
Параўн.: настабурчаны — непрыгладжаны, калматы (Сцяшковіч, 309).
Настрамачак наз., м. Невялікі воз.
...Вязу гэта я настрамачак вішаю, аж ідзе [Банадык Гатальскі]. Паздароўкаўся лагодна, нібы здзекуецца, і ўшчаў... (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: настрамак — невялікі воз (Янкоўскі, I, 126; Жыдовіч, II, 106).
На сяло прысл. На пасядзёнкі.
Гэта некалі яшчэ, мусіць малым, Марцін пайшоў на сяло, а там у яго спыталі, што робяць маці з бацькам. «Сечку жнуць»,— сказаў Марцін (яны, мусіць, рэзалі сечку), і з таго дня за ім цягнуўся гэты хвост і кожны тузаў... (В. Адамчык. Дзікі голуб)
Наўзахапы прысл. Навыперадкі.
Але магу сказаць, што Юлік, хоць і кум мне, але чалавек ён от які! Не мог хіба каморнік да мяне на кватэру застацца ці што? І ў мяне хата не горшая за яго. Дык не, наўзахапы пабег, каб адно чалавека да рук прыбраць... (К. Чорны. Зямля)
Наўхватошчую прысл. На скорую руку; хапаючыся.
Жылі яны [дзед Андрэй з бабкай Хадорай] на саменькім ускрайку вёскі ў маленькай хатцы-кузоўцы, якую дзед Андрэй з дапамогай сваякоў наўхватошчую агораў да замаразкаў. (У. Кузьмянкоў. Страшная гульня)
Нахлашч гл. Нарасхлёст.
Нахрапна прысл. Нахабна, нахрапам.
Даруй, Рыгор, што я так нахрапна залез у твой пакой. (Ц. Гартны. Сокі цаліны)
Параўн.: нахрапам, нахрапна — сілком, нахабна (Каспяровіч, 204); нахрыпам (Бялькевіч, 282).
Нахрапнік наз., м. Наморднік у аброці.
...Але-ткі забрытаў, сціснуў ёй [кабыле] храпы нахрапнікам і прывязаў за повад да разложыстай вярбы... (М. Гарэцкі. Ціхая плынь)
75 👁