— Я ж вас добра памятаю. Уга, яшчэ як памятаю.
— Ды я хлопец знакаметны. (К. Чорны. Сястра)
Знакаметны нейкі чалавек... твар у яго такі. (К. Чорны. Зямля)
Параўн.: знакома, знакомец — знаёма, знаёмец (Бялькевіч, 195); знакаметны — знакаміты (Бірыла, 102).
Знарочысты прым. Спецыяльна зроблены.
Абраз прымацаваны да знарочыстых насілак з чатырма канцамі і чатырма кароценькімі ножкамі пад імі. (К. Крапіва. Мядзведзічы)
Параўн.: знарочысты — наўмысны (БРС-62, 345).
Значыць дзеясл., незак. Мець выразную прыкмету.
Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа аж пасля каляд, нядаўна значыць пачала. (І. Пташнікаў. Тартак)
Параўн.: значыцца, значыць — мець прыкметы блізкага ацёлу (Крывіцкі, 124; Сцяцко, 69).
Зніціцца дзеясл., зак. Сціснуцца.
І калі павялі каменданта да школы, сабраўся Сіпак у камячок, зніціўся і бачком-бачком падаўся быў да школьнай дрывотні. (М. Лынькоў. Векапомныя дні)
Параўн.: зьніціўся — прыкінуўся, прыбядніўся, паказаў сябе не такім, якім ёсць сапраўды (Прач, 165); зніцець — вырасці тонкім, высокім, кволым (Шаталава, 65).
Знушчацца дзеясл., незак. Здзекавацца, глуміцца.
Лаялі і без таго пакрыўджанага Івана: «Родна жонка знушчаецца — дажыў чалавек!» (М. Гарэцкі. Зіма)
Параўн.: знуста — звод; звадыяш (Бялькевіч, 196).
Зыраць дзеясл., незак. Зіркаць.
Мусіць, таму Мароз нічога не сказаў болей. Маўчаў, маўчаў ды як крыкне ўбок: «Во ён, во — глядзіце!» І сам улева ад дарогі зырае, плячом ды галавой паказвае, быццам там убачыў каго. (В. Быкаў. Абеліск)
З'яд наз., м. Вельмі злосны.
Самае цяжкае — гэта аблажыць яго [вепрука]. Бывала, як пена ў яго з рота падаць пачне. Што ж гэта такі з'яд-звярына. Не дай бог. (К. Чорны. Зямля)
Параўн.: заяда — заядлівы (Жыдовіч, III, 52).
79 👁