А цяпер нашаму старшыні сельсавета Карчэню не ў галаве лазня, бо ён сам толькі тады мыўся, калі нарадзіўся. Увесь закарэлы і затабаканюханы. От, знайшлі каго за старшыню! (П. Пестрак. Серадзібор)
Затка наз., ж. і Заткала наз., н. Самаробная затычка, корак.
[Чачык] парашыў раздзяліць самагон у бутлі напалам і, збочыўшы ў кусты, выцягнуў затку. (І. Пташнікаў. Іллюк Чачык) Лусту хлеба і бутэльку малака, закаркаваную скручаным з чыстага лапіка заткалам, бацька бярэ з сабой на шашу — там ён б'е каменне... (В. Адамчык. Два злоты)
Параўн.: заткала — корак, пробка (Насовіч, 128), затычка (Каспяровіч, 123); заткыла — заткала, корак (Бялькевіч, 184, Сцяшковіч, 183).
Заткала гл. Затка.
Збакаць дзеясл., зак. Іран. Выгнаць з працы.
«Дык гэта цябе з сельсавета збакалі ўжо?» — запытаў Грамабой. (К. Крапіва. Мядзведзічы)
Параўн.: збакаць — выгнаць, прагнаць; адхіліць (БРС-62, 323).
Збамбіць дзеясл., зак. Украсці.
Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сваім ў яблыкі жарабку, якога ён, ужо як паявіліся партызаны, прывёў ноччу, «з-за ракі» — «збамбіў» — і шкадаваў, што роднага бацьку... (І. Пташнікаў. Тартак)
Параўн.: збамберыць — украсці (Сцяцко, 65).
Збітка наз., ж. Масла, збітае ў бойцы за адзін раз.
Узяўшы з сабой пару сыроў, збітку масла... дзесяткі са два яечак ды бутлю малака, ішла [цётка Ганна] раніцай у горад. (М. Лынькоў. Векапомныя дні)
Зборня наз., ж. Хата ці месца, дзе збіраюцца людзі (на вячоркі, сход і інш.).
Не ведаў спакою Сцяпан — не толькі гутарыў на зборні вечарамі, але часамі браў з сабою і кніжку. (П. Пестрак. Яе перамога) Кабеты ў чырвоных, зялёных і сініх андараках, у суконных кабаціках і зграбных світках сядзелі і стаялі ў зборні і на валасным двары. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Звіхтованы дзеепрым. Звіхнуты.
78 👁