Старонка 37
◀ / 145 ▶
Параўн.: дзейкаць — пляткарыць (Каспяровіч, 139; Прач, 164; Юрчанка, 76; Бялькевіч, 151; БРС-62, 244). Дзерціся дзеясл., незак. Расці ўверх, чапляючыся за што-небудзь. Адбуяла ў агародах хмельная летняя зеляніна — павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. (І. Навуменка. Вецер у соснах) Дзюпарты прым. Дзіравы, з дзіркамі. Стражнік не паварушыўся і Рыгораў дзюпарты башмак трапіў у заскарузлую ільдом калдобіну. (Ц. Гартны. Сокі цаліны) Параўн.: дзюплё — дупло (Сцяшковіч, 144). Дзялка наз., ж. Дзялянка, надзел. Уздрыгваю: Ура! Не, гэта сястра кліча мяне ісці снедаць, а дзялка — ліха з ёй... (І. Пташнікаў. Бяроза маўчала) ...На другі бок нашае «дзялкі» было поле Клемуса Войны. (В. Адамчык. Дзікі голуб) Параўн.: дзялка — 1) дзялянка, 2) надзел зямлі, хутар (Сцяцко, 52), участак (Сцяшковіч, 146), кавалак зямлі, якім надзялялі пры Польшчы малазямельных (Жыдовіч, I, 45), соткі, выдзелены для апрацоўкі ўчастак поля (Шаталава, 50). Ё Ёмка наз., ж. Чапяла; прылада браць скавараду. У мацеры левая рука механічна адшукала ёмку, патрымала і паставіла зноў. (П. Галавач. Дасужая) З хаты з ёмкаю выбегла Лазарыха. (П. Галавач. Спалох на загонах) Параўн.: ёмка — чапяла (Янкоўскі, I, 70; Сцяшковіч, 157); ёмка, омка — чапяла (ДАБМ, карта № 251, с. 824). Ж Жанкі наз., мн. Жанчыны, кабеты. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі) Жарынка наз., ж. Гарачы вугалёк. Не спіцца Андрэю. Жарынкаю блішчыць у яго руцэ папяроса. (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах)
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
88 👁
◀ / 145 ▶