зямлю без догляду чалавека — без вакон, без дзвярэй, з выдранымі дзе-нідзе сценамі, са стрэхаў жмутамі вісіць салома... Свеціць рэбрамі драбёст. (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах)
Параўн.: дробесцё — дробны лес, асабліва жэрдкі, падрыхтаваныя на страху пад салому (Насовіч, 146); драбесцё — жэрдачкі для прымацавання саломы (да латаў) пры пакрыцці страхі (Сцяцко, 53); драбёст, драбясць — жэрдзе, тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюцца ўпоперак да лат пры пакрыцці страхі (Сцяшковіч, 150); грабяст, драбясцё — паплёт (Шаталава, 51).
Драбкач наз., м. Нешта з'езджанае (пра матацыкл, машыну і інш.).
Юзік ведаў, што Мішка дзеля былой дружбы, дзеля дзіцячых успамінаў сарве ахвотна дзень, будзе шчаслівы, калі ён пад'едзе на яго драбкачы (Г. Далідовіч. Дамашанская каралева)
Параўн.: драпчак — від брычкі (Сцяцко, 54); драбы — косці (Сцяшковіч, 150).
Дрыжака наз., ж. Дрыжыкі.
Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы — ён [Сотнікаў] выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. (В. Быкаў. Сотнікаў)
Дудкі наз., мн. Боты з вузкімі халявамі; увогуле што-небудзь вузкае, што шчыльна аблягае цела.
Лёня памятае яго — гладкага здаравілу з вяргіняй за раменьчыкам шапкі, у ботах-дудках з такімі пругкімі халявамі, што, не разуўшыся, казалі, у іх нельга было прысесці нават з бяды. (Я. Брыль. Апошняя сустрэча)
Дудурыцца дзеясл., незак. гл. Аддудырвацца.
Селянін вылез з ямы, атрос запэцканыя ў гліну картовыя штаны, якія дудурыліся ў яго, быццам у малога, на каленях, таксама падышоў да забітага. (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі)
Дуйка наз., ж. Завея, мяцеліца.
У полі круціла дуйка, але вецер быў чамусьці мяккі, як у адлігу. (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае)
Параўн.: дуйка — мяцеліца з ветрам (Каспяровіч, 100).
Дыгаваць дзеясл., незак. Рухацца павольна, з натугай.
84 👁