Бэлдас наз., м. Лаянк. Боўдзіла; доўбня (пра чалавека).
«Зараз жа даведацца і прыслаць яго [вінаватага] сюды. У-у, бэлдасы»,— зусім выходзіў князь з раўнаважнасці. (М. Гарэцкі. Панская сучка)
Параўн.: аболтус — асталоп (Шаталава, 6).
Бэлькаць дзеясл., незак. Бэкаць.
Цапы на гумнах ужо не цупалі, ляскаталі недзе ў полі калёсы, паблізу, мусіць, на суседнім двары, бэлькалі авечкі. (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: бэкаць (Янкоўскі, II, 36).
Бягун наз., м. Частка варот.
У некага ў двары рыпеў бягун, нехта злосна, ядрана вылаяўся... (Б. Сачанка. Варэйка золата)
Параўн.: бягун — слупок у варотах, на якім «бегаюць» яны (Янкоўскі, I, 45); бегун — слупок, на якім трымаюцца вароты ў шуле (Бялькевіч, 83).
Бязуля наз., аг. Гультай(ка).
Яна [графіня] паглядзела на крэсла, перавяла позірк на запыленае распяцце на сцяне: «Ах, божа ж мой, ізноў гэтая бязуля Тэрэза не працерла ног Хрысту»... (М. Лынькоў. Аб чалавечым сэрцы)
Параўн.: бязульнік (-ніца) — свавольнік (-ніца) (БРС-62, 139).
Бярно наз., н. Бервяно, прызначанае для пабудовы хаты, хлява і інш.
Ты лепей не бацьвінне крышы, а бёрны сабе на хату абчэсвай. (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае)
Бервяно ў сцяне пабудовы.
...Хата яе з прыходу самая першая. І тапары ў іх [немцаў], і пілы. Раскідалі па бярне і перацягнулі на плячах да ракі. (І. Пташнікаў. Тартак) Хто на лаву сеў, а хто на бёрны... (П. Панчанка. Кінамеханік).
Параўн.: бярно — бервяно (Каспяровіч, 49; Бялькевіч, 100.)
В
Вага наз., ж. Рухомая частка калодзежнага жураўля.
Скрыпае да студні снег. Запела, захрыпела, як папсаваная дудка, замерзлая вага. (М. Гарэцкі. Зіма)
80 👁