Параўн.: вага — рычаг (Каспяровіч, 51), журавель пры калодзежы (Шатэрнік, 41), перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні (Юрчанка, 48).
Вазганіна наз., ж. Валтузня; важданіна.
Гэтае іх вазганіны ніхто не прыкмячаў, бо кожны меў сваю справу. (Ц. Гартны. Сокі цаліны) Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля: «Таварыш Шавель, кінь ты з гэтым млінам... Навошта, слухай, табе гэтая вазганіна з ім». (Ц. Гартны. Свае блінцы)
Параўн.: вазголінне — важданне (Юрчанка, 48).
Вален і Вэлён наз., м. Вясельны убор, фата нявесты, вэлюм.
Глядзела [Акіліна] на сваю дачку ў вясельным валене. (В. Вітка. Познія палыны) Прыбіралі, як да шлюбу, ў белю і вэлёны. (Я. Купала. Бандароўна)
Параўн.: валянт — вясельная сукня (Сцяцко, 30); валён — вянок (Сцяшковіч, 112, 75); вэлян — вэлюм (Жыдовіч, I, 34).
Валізка наз., ж. Чамадан.
Пасажыры, якія паспелі нагаварыцца, паспаць, стаміцца за дарогу, даўно ўжо чакалі гэтае хвіліны, пабралі цяпер свае валізкі, сумкі, клумкі і падаліся да дзвярэй. (Г. Далідовіч. Сустрэча)
Параўн.: валіска — чамадан, дарожная сумка (Сцяшковіч, 73; ЛГБГ, 277).
Валюхацца і Валюхаць дзеясл., незак. Перавальвацца з нагі на нагу; калывацца.
Сяргей, валюхаючыся, выйшаў з хаты, за ім музыкі, хлопцы, дзяўчаты... (П. Галавач. Кнак) Па вуліцы па пяску папаўзлі з фермы, валюхаючыся, белыя гусі. (І. Пташнікаў. Лонва) ...Ён [конь] зноў абыякава валюхаўся з боку на бок. (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка) По зжатым полі, па калючым іржышчы валюхалі спакойна вароны. (З. Бядуля. Язэп Крушынскі)
Параўн.: валюхацца (Жыдовіч, I, 27).
Валюхаць гл. Валюхацца.
Варыўня наз., ж. Кладоўка для захавання гародніны, бульбы і інш.
Відаць, што тут ён быў першы раз, бо, зачыніўшы веснічкі, пастаяў трохі, агледзеў двор — хату, хляўчук, свіронак, асабліва спыніўся вачыма на варывеньцы.
82 👁