Будыль наз., м. Сцябло сухой расліны.
На палянку выйшлі нейкія два абадранцы — адзін здаравенны, мардаты, другі сухі і тонкі, як будыль. (А. Бажко. Позняе ворыва) За акенцамі рос крывы, ужо амаль данізу ссохлы будыль сланечніку. (І. Мележ. Людзі на балоце) Вецер мяце сухі снег на сухія бадылінкі, і здаецца, што дзесьці адчышчаюць ржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. (М. Лужанін. Дванаццаць вячорных вогнішчаў)
Бурдэнц гукаперайм., часц. Бух, бах, шусь.
Поп другі раз тупнуў — і людзі за ім. Потым бацюшка бурдэнц на падлогу — і ўсе мужыкі паселі... (С. Александровіч. Ад роднае зямлі)
Параўн.: бурдынц — аддзеяслоўная часціца, якая выражае падзенне з грукатам (Насовіч, 39); бурдык — бух, шась (Бялькевіч, 95).
Бурак наз., м. Валёнак не фабрычнага вырабу.
У яе чорная матчына хустка, старая фуфайка, «нацягнутыя» кортам, на нагах буркі, пашытыя з суконак, на бурках бахілы. (І. Пташнікаў. Алені) Сцягно яго пакутна балела, ступні ён ужо не адчуваў нават, мокры ад крыві бурак змёрз і закасцянеў, другі, не да канца надзеты, загнуўся на палове халявы... (В. Быкаў. Сотнікаў)
Параўн.: буркі, адз. бурка — цёплы абутак (БРС-62, 135).
Бусайла наз., м. П'яніца, гуляка.
Бусайла-гарадчанін перацягнуў Петрыка па плячах сукаватаю папірашкаю і распаласаваў яму крамны чорны пінжак. (М. Гарэцкі. Ціхая плынь)
Параўн.: бусаць — буйна весяліцца, п'янстваваць (Бялькевіч, 95).
Быдта і Бытта злучн., часц. Быццам.
Чуўся нізкі сыраваты грукат цягніка, раптоўны крык гусей і тоўсты голас з рэпрадуктара, быдта гаварыў нехта высокі, велічынёю да неба. (В. Адамчык. Дзікі голуб). Ну, бытта. Шэсцьдзесят год пражыў, а пад старасць на такое дзела... Не-е, не па мне гэта. (В. Быкаў. Сотнікаў)
Параўн.: бытто, бытта — быццам (Сцяцко, 28; Жыдовіч, І, 26).
Бытта гл. Быдта.
80 👁