Параўн.: бірубалка — драўляны гузік (Шаталава, 21).
Блындаць і Брындаць дзеясл., незак. Бадзяцца без справы.
Яны [хлопцы] пайшлі блындаць па гораду. (М. Зарэцкі. Сцежкі-дарожкі) Во, дзетка маё, які ты: мы тут непакоімся, плачам, а ён сабе недзе брындае. (А. Асіпенка. Жыта)
Параўн.: блындаць, брындаць — хадзіць без заняткаў, нічога не рабіць (Каспяровіч, 40; Бялькевіч, 93).
Блэнгаць дзеясл., незак. Іран. Бразгаць, ляпаць.
Выпусцілі кабылу блэнгаць зубамі па выгане. (К. Крапіва. Мядзведзічы)
Параўн.: брэнкаць — бразгаць (Жыдовіч, III, 23).
Божкацца дзеясл., незак. Бажыцца.
Вольскі часта божкаўся, моршчыў лоб, рабіў шчырыя і жаласлівыя вочы. (З. Бядуля. Салавей)
Параўн.: божканне (Насовіч, 29); божкацца — бажыцца (Шатэрнік, 34); бошкаць, божкаць — вохкаць (Сцяцко, 24; Бялькевіч, 89).
Брыж наз., м. Месца ў рыдлёўцы, на якое пры капанні наступаюць нагой.
Тады Чубар, як са злосці, вырваў з рук у селяніна рыдлёўку і моўчкі, націскаючы ботам на загнуты брыж, пачаў капаць зямлю проста ў жыце... (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі)
Параўн.: брыж — востры край, руб чаго-небудзь (Бялькевіч, 92—93).
Брыка наз., ж. Драбіны для перавозкі сена, саломы і інш.
Увесь дзень Коля тросся ў пустой дрогкай брыцы цераз поле пад параснікі, затое адтуль, седзячы на высокім возе са снапамі, важна ехаў у вёску на сваё гумно... Коля ўпраўляўся няблага, брыка толькі хілілася... (В. Быкаў. Сотнікаў) Ты мяне не глядзі. Унька, сваю брыку падымай. Маеш цяперака работкі. (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае)
Параўн.: брыка — фура (Насовіч, 729), від павозкі (Каспяровіч, 43), прыстасаванне для перавозкі сена, саломы; павозка (Бялькевіч, 92).
Брындаць гл. Блындаць.
79 👁