Балэбус наз., м. Асудж. Гультаяваты дзяцюк.
Кіпела ўсярэдзіне ад таго, што Сцяпан, тулячыся ля акна, упоцемку ужо, сляпіў вочы пры кніжцы: здароваму гэтаму балэбусу як і не было клопату, што бацьку пятлю зацягваюць. (І. Мележ. Подых навальніцы)
Параўн.: балабос — балбатун (Каспяровіч, 10).
Барокацца дзеясл., незак. Мерацца сілай, дужацца.
Каля дзвярэй крычалі людзі, барокаліся з Сымонам. (З. Бядуля. Салавей)
Параўн.: барухацца — няўстойліва стаяць на нагах, хістацца (Крамко, 98).
Бахурчык наз., м. Іран. Дзіця, падростак.
Вы ведаеце? Пракламацый яму ў кішэню бахурчыкі напхалі і гэта — павятовы начальнік паліцыі! Сорам! (Я. Колас. На ростанях)
Параўн.:. бахурка — распусніца (Бялькевіч, 38); бахур — байструк (Сцяшковіч, 49).
Беганка наз., ж. Валтузня, беганіна.
«Эге! — пачуліся галасы,— паляшук не даецца». І пачалася беганка. Лабановіч выкручваўся кожны раз, калі Тамара Аляксееўна, здавалася, вось-вось схопіць яго за вуха. (Я. Колас. На ростанях)
Параўн.: бегі — гулі, беганіна (Сцяцко, 22).
Бегацца дзеясл., незак. Указваць сваімі паводзінамі на неабходнасць пакрыцца (пра карову).
Пастухі казалі на яе — бык: Чарнавуха, калі я гнаў яе на пашу ў Азярышча, пускаючы сліну ляцела за чужымі каровамі і чаплялася на каторую — яна бегалася за весну ўжо трэці раз. (В. Адамчык. Два злоты)
Параўн.: бегаць (пра карову) (БРС-62, 121); бегацца — бегаць (Шаталава, 20).
Бейбус наз., м. гл. Байбас, Балэбус.
Злосць яго [Глушака] на Яўхіма змянілася здзіўленнем і крыўдай: «Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала бейбусу такому». (І. Мележ. Людзі на балоце)
Параўн.: бэйбус — байбус (Бялькевіч, 99), лянівы чалавек (Жыдовіч, III, 24).
Бірбаты прым. Кароткі; абрэзаны.
Цыбрыкавы нямазаныя колы ляскаталі, а наравістая Аса раз-пораз узмахвала бірбатым хвастом і трэсла галавою. (В. Дайліда. Радасць)
81 👁