Хамскага горла ніколі не ўтхланіш. (К. Чорны. Лявон Бушмар)
Ухадокаць дзеясл., зак. Закалоць.
Учора напрамілуй прасіўся, каб адпусціла памагчы Галаску кабана ўхадокаць. (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае)
Параўн.: ухайдошыць — забіць, знішчыць (Юрчанка, 208); уходаць — забіць (Жыдовіч, II, 168); уходарыць — прывесці ў парадак, прыбраць заколанага кабана (Сцяцко, 167).
Уцяць дзеясл., зак. Уціснуць.
...Калі [мядзведзь] учуў пранозлівы свіст і рэў... уцяў голаў у плечы і прыспешным крокам пайшоў, азіраючыся... (М. Лынькоў. Баян)
Параўн.: сцяцца, сцяць — сціснуцца, сціснуць (БРС-62, 907).
Учгур наз., м. Пояс.
Рукі звяжам. На мой учгур. (А. Чарнышэвіч. Світанне)
Параўн.: гачкур, учкур, вичкур, очкур — 1) шнурок, якім падцягваюць штаны, 2) мотуз, завязка для каўняра, сарочкі (Сакалоўская, 301).
Ушалопацца дзеясл., зак. Пагардл. Закахацца (Жыдовіч, II, 169).
...Я ўжо і лейцамі гразіўся, і замуж хацеў за Невяроўшчыка аддаць, дык і ні блізка. Ушалопалася ў нашага парабка... (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка)
Параўн.: ушалопаць — 1) раскумекаць, 2) убіць сабе ў галаву (БРС-62, 976).
Уяда наз., аг. Надаедлівы чалавек.
Ну і ўяда ехала з намі. Век такое не бачыў. (П. Пестрак. Уяда)
Параўн.: уядлы — спрактыкаваны і нядобрасумленны працаўнік, які можа абманваць, абкрадаць, прысвойваць чужое дабро, але раскрыць яго цяжка ці не ўдаецца (Янкоўскі, I, 188).
Ф
Файны прым. Прыгожы, добры.
«Файная баба!» — захапляўся Рысь, праводзячы Алеся з мястэчка. (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды)
88 👁