так заціснуў пашчэнгамі келзы, што трудно было спыніць яго.
КЕПАЛА м., ж. Капун, капуха. Яна такоё кепало, што ў любой рабоці ў хвасьце цяляпаяцца.
КЕЎКНУЦЬ зак. Здохнуць, памерці. Тоё парася нешто сохло, сохло ды саўсім кеўкнуло.
КЛЕНЬ м. Рыба, падобная да язя.
КЛЯНЧУК м. Малы клень.
КОНСКІ прым. Вялікі, большы за свае звычайныя памеры. Ты пішы лепш, ато ў цябе палучаюцца некія конскія буквы!
КОНЧА прысл. Абавязкова. Конча табе там трэба быць? Абыдуцца бясь цябе.
КОЎЦЬ выкл. Пра глытанне. Трэба было малако с хлебам зьесьці, а ты — коўць-коўць і выпіў. Еш цяпер сухі хлеп!
КРАЖ м. Патоўшчаныя і больш цвёрдыя слаі ў дрэве, якія ўтвараюцца з сонечнага боку ствала, асабліва на яго выгнутай частцы.
КРАЖАВАТЫ прым. З вялікім працэнтам кражу. Як будзяш рэзаць гэтую дзяравяку, дак кражаватыя роўныя куске аткідай — на клёпкі згадзяцца!
КРАТОВІНА ж. Кучка зямлі, вырытая кратом. Касіць на гэтум грудзі кепско, бо пападаюцца ўсё то кратовіны, то муравейнікі, то купіны.
КУЛЬБАЧКА ж. Падсядзёлак. Бяс кульбачкі каню цяжэй, бо аглоблі моцно хамут да шыі ціснуць.
КУНДЗЮК м. Страўнік. Здаецца кундзюк набіў добро, а нешто есьці хочацца.
ЛАПА ж. Галіна. У той яблыны ніжнія лапы трэба паабразаць, бо канцамі аж зямлі дастаюць.
ЛАСНЕ часц. Хіба. Ласне я ведала, што гэдак выйдзя? Каб ведала, ні пашла бы да іх.
ЛОГМА ЛЯЖАЦЬ. Ляжаць не падымаючыся. Трэба было ні ляжаць логма, пакуль сонцо ў бок прыпячэ, а касіць росную траву, а цяпер ужо надрывай жывот, каб ні асталосё на заўтра.
ЛОПАЦЕНЬ м. Выгіб на лязе касы. Як ні ўмеяш кляпаць касы, то і ні бярыся, бо лопатняў нагоніш!
ЛУПОК м. Ракавіна бяззубкі. Лупкоў у Нёмні найбольш бывая на гакох посьлі павоткі.
ЛЮБІВЫ прым. Нятлусты. Ты мне адрэш любіваго мяса, бо я жырнаго не хачу есьці
110 👁