ШКУЦЦЕ н. Бялізна. Зараз Бога і ні ведаюць, нявёстка і ў нядзёлю шкуцце мые. Шавярнічы.
ШУРМАВАЦЬ незак. Шумець, крычаць, сварыцца. Бацька шурмаваў нас, дык хадзілі ў лес, у калхос. Міхеевічы.
ШЧАЎЛЮК м. Шчаўе. Шчаўлюк, дзядзелінку зляпілі з мукой і ёлі. Дзмітравічы.
ШЫДЭЛІЦЬ незак. Вязаць. На вячорках шыдэлілі антыляжы. Шавярнічы.
І. П. Чыгрын
ЯШЧЭ АДЗІН ВЫРАЙ З НАШЫХ СЛОЎ
ВЁСКІ ЧАМЯРЫ СЛОНІМСКАГА РАЁНА
Гэта падборка лексікі з'яўляецца працягам: «З лексікі вёскі Чамяры Слонімскага раёна» – Народная лексіка. Мн., 1977; С. 47–60; «З лексікі нашай вёскі» – Жывое слова. Мн., 1987. С. 152–162; «Яшчэ з лексікі нашай вёскі (Чамяры Слонімскі р-н)» – Народная словатворчасць. Мн., 1979. С. 30–40; «Яшчэ раз з нашай лексікі (вёска Чамяры, Слонімскі раён)» – Жывое народнае слова. Мн., 1992. С. 123–131.
АБРАНДАВАЦЬ незак. Лічыцца, паважаць, прызнаваць. Нікого ні абрандуя, яна каму хачаш вываліць у вочы, што думая.
АБЦЕПКАЦЦА зак. Абшморгацца. Рукавэ ў рубашцы чысто абцепкаліся – трэба паправіць.
АБЧЫЧЫКАЦЬ зак. Абмануць, абхітрыць. Ён любого абчычыкая – ні то што даверліваго такого, як твой хлопяц.
АБЫЗНАЦЦА зак. Памыліцца, прыняць за іншага. Ой, даруйця, абызналася – вельмі ж вы падобныя на майго даўняго суседа.
АГЛАВУШЫЦЬ зак. Прыбіць (не абавязкова фізічна), ударыць. Ні за што ні пра што аглавушыў чалавека па галаве калом. Яна яго аглавушыла навіною тою.
АГРАБАЦЬ незак. Атрымоўваць, мець. Пенсію такую аграбая, от і жыве ні кепско.
84 👁