АПІГУШЫЦЬ зак. Выпіць шмат нагінкам, адным духам. Вельма ш піць захацёласа... дак я мо цэлы збанок кіслага малака як апігушыў, то й добранька зрабіласа...
АПОРВАЦЬ незак. Даставаць што-н. высока – збіваць, зрываць (з дрэва). Ідзі грушы апорваць! Тут на вяршэчку йшчэ есь.
АПРАННЕ н. Вопратка. Зіма на носе, а ніякага апраньня цяплейшага ў дзяцей німашака.
АРЭЙ м. Аер. Арэй на Тройцу йрвуць.
АСТАВЕЦ м. Апошні, той, хто застаецца, спазняецца. Астаўцу або з аўцу, або ніяк (прымаўка).
БАНЬКА ж. Мыльная бурбалка. Во якую баньку вялікую Ірынка зрабіла! Шырокае кальцо для мацавання касы да касільна. Каб запрэгчы касу, трэба банька і затылак.
БАРАК м. Пограб. Прынясі буракоў з барака.
БАЦЮХНА м. і ж. Той, хто ўдаўся ў бацьку. От, бацюхна які... ты ш паглянь на яго – і крошачкі бацькавы пабраў! Яня бацюхна ў вас.
БЕЛЕНЬ ж. Белізна. Белянь узімку ў гарах такая – вочы адбірае!
БЛУКАЛЬНІК м. Бадзяга. Нейкія блукальнікі завандравалі.
БЛЫШЫЦЬ незак. Памыляцца, падводзіць, рабіць недакладна, нядобра. Гэты ні блышыць ніколі, надзейны чалавек.
БОЛІВА н. Вялікі боль. Такое боліва, чорт яго выдзяржыць... Крычма крычала.
БУЙ м. Вецер-скразняк, пройма. Чаго ты стала на самум буі (насупраць акна. – М. С.), прасьвішча!
БЫВАЛЯШНІ прым. Былы, даўнейшы. Бываляшнія людзі здаравейшыя былі... Мой дзед мог прэнцік вузлом завязаць.
БЯЗМУЖКА ж. Жанчына, якая мае дзяцей без мужа. Бязмушка, а дзяцей напрыводзіла...
ВАЗНЯ ж. Бесталковая перавозка чаго-н. Абрыдзела мне гэтая вазьня. Зранку туды вязі, вечарам назад.
ВАЙСКАВІК м. Вайсковец. Меншы сын у Ганны вайскавік.
ВАЛОВІЦА ж. Пуга, якой паганялі валоў. Ні дадзержыць... Пэнкне, кажу! Тут каб якою валовіцаю ўвязаў!
ВЕРАСКЛІВЫ прым. Тонкі, прарэзлівы. Ну й жоначка ў яго. Галасочак верасклівы, як у сучачкі Модзіных: цяў-цяў-цяў...
76 👁