ПАТВОРЫЦЬ незак. Патураць просьбам, жаданням. З малалества патворылі яму, вот такім гадкім і вырас ён.
ПАТВОРА м. і ж. Пястун. Барыс іхні, як і наша Каця, патвора бальшая.
ПАЧАРСЦВЕЦЬ зак. 1. Пасвяжэць. Послі дажджу на дварэ пачарсцвела. 2. Крыху прасохнуць. Жыта на ветрыку скора пачарсцвела.
ПІРАШЧУКНУЦЬ зак. Перастаць. Дождж пірашчук, пакуль гаварылі.
ПОВЕРКА ж. Прыстасаванне з двух палак, дошак для нашэння грузаў. Адзежу клалі на поверку і ўдвух насілі.
ПОМАЧ ж. Дапамога. Каб была якая помач ціпер, хату б новаю шчэ пастроіла. А так дажыву тут свой век.
ПОНАГУ прысл. Ушчэнт, цалкам. Понагу абчысцілі іхнаю хату, лахманіны добрай ні засталося.
ПРАСЦЯГНУТЫ дзеепрым. Працягнуты. Калі й далей так жыць будзім, пойдзім па свету з прасцягнутай рукой.
ПРАСЦЯГНУЦЬ зак. Працягнуць. Прасцягні руку і сам дастань хлеба.
ПЯРЭЛІТКА ж. Гусь мінулага года. Я сабе на зіму толькі дзве пярэліткі аставіла, астальных прадала.
РАННЯ н. Раніца. Рання сёдні такоя, сонца столькі.
РАСКРЭСЫ мн. Перакрыжаванне, скрыжаванне. Стаю на раскрэсах і думаю, як мне дамоў іціць.
РЫМСАВАЦЬ незак. Плакаць, упарціцца. Рымсуй, рымса, боляй, дык галава забаліць, і нічога шчэ.
РЫХМАЗКА ж. Неахайная жанчына. Іна ўсігда ходзіць рыхмазка рыхмазкай, каб хоць раз надзелась палюдзкі.
САНАПРАХА ж. Калаўрот. Раней усю зіму бабы на санапрахах пралі.
САЦВЕЦЬ зак. Патушыцца. Пакладзі смітану ў боршч, йна і сацвея, і боршч будзя смашнейшы.
СЕНАЧЫ прысл. У сённяшнюю ноч. Казалі, Куклічы і Покаць абакралі сеначы.
СІРАДАВІНА ж. Сярэдзіна (вёскі). Даўней мы на сірадавіні жылі, а ціпер тут хату паставілі.
СЕРВАЦЬ незак. Сівераць. Ад марозу рукі у міне часта серваюць, баляць.
СКАРЖАНЕЛЫ дзеепрым. Цвёрды, скаржэлы. Хлеб такі скаржанелы, ні ўкусіць.
СКАРЖАНЕЦЬ зак. Зрабіцца цвёрдым, скаржэць.
78 👁