В. М. Курцова
З НАРОДНАГА СЛОЎНІКА
Моўная сітуацыя, якая ў сучасны момант склалася ў сельскай мясцовасці Беларусі, характарызуецца неаднароднасцю. Зараз у якасці сродкаў вуснага маўлення сельскія жыхары выкарыстоўваюць, як правіла, тры моўныя сістэмы. Гэта традыцыйная мясцовая гаворка, беларуская і руская літаратурныя мовы. Выбар адной з іх прадвызначаецца сацыяльнымі параметрамі камунікантаў і сітуацыйнымі асаблівасцямі зносін. У адпаведнасці з данымі дэтэрмінантамі дыферэнцыруюцца маўленчыя сродкі. Сёння, як паказваюць нашы асабістыя назіранні і сведчыць сацыялінгвістычная літаратура, у сельскай мясцовасці Беларусі пануючым сродкам маўлення выступаюць мясцовыя традыцыйныя дыялектныя гаворкі. Аднак іх асаблівасці на ўсіх моўных узроўнях у камунікантаў з рознымі сацыяльнымі пераменнымі рэалізуюцца неаднолькава поўна і паслядоўна. Найбольш выразна тыповыя і унікальныя рысы дыялектнага маўлення захоўваюцца ў сельскіх жыхароў сталага і старэйшага ўзросту. Менавіта яны найчасцей карыстаюцца такой лексікай, якая мала характэрна для маўлення прадстаўнікоў малодшага пакалення. Некаторыя з такіх слоў, запісаныя аўтарам у в. Залёссе Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, прапануюцца ўвазе чытачоў.
АБПЯНУЦЦА зак. 1. Накрыцца. Абпянулась увёрткай і шчас жа цяплей стала. 2. Прытуліцца да чаго-, каго-н. Абпянулася аб стула і стаіць, жджэ.
АБЧЫРКНУЦЦА зак. Дакрануцца. Ні тронь, абчыркнесся аб цяпло, рукі спаліш.
АБШАХНУЦЦА зак. Неасцярожна ступіць. Ідзі цішэй, а то абшахнесся з кладкі і павалісся ў ваду.
АДЛОГА ж. Адліга. Пайшло на адлогу, і на вуліцу хоць ні вылазь.
АДЗІЯЛА н. Саматканая шарсцяная коўдра на льняной аснове. Калісь толькі па бальшых празніках такея красівые адзіялы засцілалі.
БАЛОННЯ н. Месца, што ў час разліву затапляецца вадой. А ў нас гусі на балонні ходзюць чуць ні цэлы год.
БЕЛЬ ж. Белая фарба. Калі нада у белая піракрасіць, бель купім у лаўцы і сам красіш.
78 👁