ЗРАНКАЧЭ мн. экспр. Вочы, лупачы. Ты што гэто на мацяру вылупляеш свае зранкачэ?
ІРХА: ВЫРАБІЦЬ НА ІРХУ. Высушыць, замучыць. Вырабіў бабу на ірху, ледзьвя ходзіць — о, гэто мужынёк.
КАНАЦЦА незак. Гадаць на кійку. Канаюцца на кійку звычайна — сціскаюць кій, кулак на кулак; каму не хапае кійка, каб узяцца на поўны кулак (і каб крыху было яшчэ), той і прайграе. Давай канацца, каму ісці пераймаць каравэ.
КАПУХА ж. Маруда. Ой, капуха ты, і калі ты перабярэш гэты шчавей.
КАСМЫТКА ж. Нерасчасаная, раскудлачаная дзяўчына. Касмытка! Ніколі косы не зачэша, як след.
КАЦУБА ж. Булавешка. Вось як дам гэтай кацубой па лапах — што ты робіш, гіцаль.
КЛОМЛЯ ж. Рыбацкая снасць.
КЛЯКНУЦЬ зак. Загінуць, прапасці. Цепярся такія дажджэ — клякнуло нашо жыто: парасце ў мэнтлях.
КОЛКІ мн. Калаццё. Цэлы дзень колкі колюць — якое там здароўё.
КОСЫ мн. Валасы. Косы ў хлопчыка кучаравыя, густыя.
КРАТАВІНА ж. Кратавінне. Ні балото — суцэльная кратавіна: гэдак перарылі кратэ, гэдак перарылі.
КРУЖЫНЯЦЬ незак. Хадзіць не па прамой. Нашто табе было кружыняць, можно было напрасткі прайсці. Прыйшоў ды от кружыняю каля хаты гэтае, каторую пору — дзе яны, ні душы ні відаць.
КРЭЧ м. Лямант, гармідар. І чаго вы тут крэчу на ўсю хату нарабілі?
КУЧЫЦЬ незак. Вымагаць, націскаць, Кучыў цэлы дзень — а дзе я яму вазьму тых грошай. Як я ні кучыў яго, як ні ўгаворваў — ні хоча і слухаць: ні прадам каровы і ўсё, хаць ты яму што хочаш.
ЛАХМЫТКА ж. Абарванка. Лахмытку гэту цётка ў хату не пусціць — ідзі, адзену лепшую сукенку.
ЛАХТАЧЫНА ж. Упадзіна, лагчына. Заселі з возам у лахтачыні. У лахтачыні траву касіў, то і памок.
ЛЮБОШЧЫ ж. Гарачае каханне. Любошчы завяла на старыя годы — патрэбно гэто ёй.
ЛЯШЧЫЦЬ незак. Пляжыць, дубасіць, сячы. Нехто бярэзнік ляшчыць, аж ляха ідзе. Ляшчыць жонку кожны дзень, уцячэ яна ад яго, дурань гэдыкі.
76 👁