Так і быць, паверу табе на слово, пазычу грошай. Але як ашукаяш, то каб і нагі твае на маем надворку ні было. Старажоўшчына Кос.
ВЕТРОМ НАДЗЬМУЦЬ. Зацяжарыць без мужа. Кацярына без мужика жыве, а жывот на нос лезя. Мусіць, ветром надзьмуло. Гошчава Стайк.
ВЕЦЯР ГУЛЯЯ (СВІШЧА) Ў КІШЭНЯХ. Так скажуць пра таго, у каго няма грошай. Двоя здоровых хлапчыскоў у бацькавой хаці жывуць. Ні акыш, ні аюсь німа, лянуюцца рабіць. Пабіраюцца па людзях, у іх век вецяр у кішэнях свішча. Заполле Кос.
ВЕЦЯР У ГАЛАВЕ. Легкадумны, несур'ёзны. Дзяцей поўна хата, іх абуць, адзець трэба, а яна ўсё сабе абновы купляя - вецяр у галаве, больш ніц ні скажаш. Руда Падст.
ВЕЦЯР У ПЛЕЧЫ. 1. Пажаданне шчаслівай дарогі. Едзьця здаровыя, вецяр вам у плечы. Альшаніца Квас. 2. Так скажуць услед чалавеку, які надакучыў. Спаць пара класціся, заўтры думаям ехаць па сено, а ён усё гавэнды гавэндзіць. Ледзь перажылі: вецяр яму ў плечы. Заполле Кос.
ВЕШАЦЦА НА ШЫЮ. Так скажуць пра жанчыну, якая настойліва імкнецца звярнуць на сябе ўвагу мужчыны. Брыдко глядзець, як Верка вешаяцца Тэклінаму кватаранту на шыю. Экскаватаршчыком тут у нас, канавы капая. Грошы добрыя зарабляя. Але ж, кажуць, жанаты чалавек: і жонка е, і дзеці. Хадакі Жытл.
ВЕШАЦЬ (ПАВЕСІЦЬ) ГАЛАВУ (НОС). Перажываць, маркоціцца. Ні вешай галаву, ні адчайвайся, пропала карова - другую нажывеш, каровяча маці ні звялася. Альшаніца Квас.
ВЕШАЦЬ ЛАПШУ НА ВУШЫ. Ашукваць. Кажаш, шчо пенсію дабавяць? Вешаюць лапшу на вушы: сто рублёў дабавяць, а цэны удвая падымуць. Размеркі Стайк
151 👁