Старонка 291
◀ / 310 ▶
ЯК З НЕБА ЗВАЛІЎСЯ. Так скажуць пра чалавека, які не разумее відавочнага. Ты, Васіль, як з неба зваліўся. Нашчо табе загатаўляць дрова, душыцца ў том лесі. Ідзі ў лясніцтво і табе выпішуць гатовых. Галенчыцы Ягл. ЯК З-ПАД ЗЯМЛІ. Ціха, невыразна (чуваць). Прышла да суседкі. Хата адчыняна, а яе не відно. Чую – некі голас як з-пад зямлі. А гэто яна па картоплі палезла, крышка ад пограба закрылася, а сілы німа падняць. Добра яшчэ, што я нарвалася. Яглевічы Ягл. ЯК З-ПАД ЗЯМЛІ ВЫРАС. Нечакана з’явіўся. Збіраю ягады, задумалася, песню сабе пад нос спяваю. Раптом чалавек як з-пад зямлі вырас. Я ўтрупянела. А гэто ляснік, абход рабіў. Аўсто Стайк. ЯК З ТАГО СВЕТУ ЎСТАЎ. Неспадзявана з’явіцца. Атрымалі пахаронку на бацька, а ён праз год вярнуўся. Як з таго свету ўстаў. Моцно раняны быў, у лазарэці ляжаў. Стайкі Стайк. ЯК З ЦЭПА САРВАЎСЯ. Што ёсць духу, з усіх сіл (бегчы). Шчо ты ляціш, як з цэпа сарваўся? Скураты Квас. ЯК ЗЯМЛЯ НОСІЦЬ. Так выказваюць абурэнне паводзінамі чалавека. Столькі шкоды людзям нарабіў, абрыд усім: і махляр, і злодзяй – як яго зямля носіць. Панкі Люб. ЯКІМ ВЕТРОМ ПРЫНЯСЛО? Так выказваюць здзіўленне пры неспадзяванай сустрэчы. Хочаш вер, хочаш не, але я ніяк ні спадзяваўся цябе тут убачыць. Якім ветром цябе прынясло? г.Косава. ЯК ІРЖА ЖАЛЕЗО. Не даваць спакойна жыць. І шчо з маім чалавеком зрабіласё? Пастарэў, то такі звяглівы стаў. Есць мяне як іржа жалезо, кожны дзень. Альшаніца Квас. ЯК КАЛУН. Вельмі дрэнна (плаваць). Я на моро паехоў, то ад берага не адплываў. Бо плыву як калун. г.Івацэвічы.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 310 ▶