ІСЦІ Ў БЛУД. Пралюбадзейнічаць. Пайшла дзеўка ў блуд, і супыну на яе німа. Альшаніца Квас. ІСЦІ ЎГОРУ. Дабіцца поспехаў. Дзве каровы трымаў, пасля тры, чатэры, пяць. О-о-о, яго справы пайшлі ўгору. Капейку добрую абівая. Заполле Кос. ІСЦІ Ў ПАДСУСЯДЫ. Жыць у чужой хаце. Пажар быў, згарэла хата датла. Пайшлі ў падсусяды, пакуль пабудуям сваю. Заполле Кос. ІСЦІ (ПАЙСЦІ) Ў ХОД. Знаходзіць прымяненне. Хлява будаваў. Добрае дзераво дарагое. То з сякого-такого скідоў, усё пайшло ў ход. Бялавічы Кос. І ТАК І ГЭДЫК. Па-рознаму, як прыходзіцца. Можно і так зрабіць і гэдык. Альбы вынік быў. Заполле Кос. І ТАК І СЯК. Як выходзіць. Пытаяшся, як жыву? І так і сяк, як Бог дае: калі лепш, калі горш. Альшаніца Квас. І ТОЛЬКІ ТАГО. Пра падзею, што ўжо адбылася, мінула, страціла важнасць. Прыехоў я з базару, і толькі таго. Але бачу: сусед да мяне нешчо ідзе. Кажа: "Ты, мусіць, Тамаш, нешчо згубіў, едучы з Косава". Я да воза – кажуха німа. Добра, шчо чалавек знайшоў да прынёс. Заполле Кос. І ТО ХЛЕБ. Добра і гэта. Нівелька ў мяне пенсія, але неяк канцы з канцамі зводжу. А гэты месяц дабавілі трохі, і то хлеб. Галынка Міл. І ТУДЫ І СЮДЫ. Не ведаць, на чый бок стаць, куды кінуцца. І туды вазьмі, і сюды – адна бяда. На сынаву руку пойдзяш – нявестцы будзяш кепскі. За нявесткаю пайдзеш – сын адверняцца. Як тут быць? Альшаніца Квас. І Ў АГНЕ НІ ГАРЫЦЬ І Ў ВАДЗЕ НІ ТОНЯ. Так кажуць пра чалавека, якому шанцуе, які нідзе не прападзе. Дзе ён ні быў: і на Ўкраіні, і ў Польшчы, і ўсю Расію аб'ездзіў. Усё шукая доўгаго рубля. І халера яго ні бярэ. Як кажуць, і ў агне ні гарыць і ў вадзе ні тоня. Але ні відно, каб разбагацеў. г.Івацэвічы.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
99 👁