ДРАПАЧ м. Культыватар. Пабарануюць, а зельячко возьмяцца, то драпачом паходзяць, на сонцы зелле пасохня. Заполле Кос.
ДРАЧ м. цясл. Драчка. Драчом правядзе па дзеравіні лініі, а тады выбіраюць драч, паз. Заполле Кос. 2. цясл. Выемка ў верхнім бервяне, паз, які паўтарае абрысы ніжняга бервяна. Сакерай трэба выбраць драч, бо інакш як прыпусціш верхнюю дзеравіну да ніжняй. Заполле Кос.
ДРАЧАВАЦЬ незак. цясл. Выбіраць паз у бервяне. Каб дзераво да дзерава добра прылягло ў зрубі, верхнюю дзеравіну драчуюць. Заполле Кос.
ДРОМНЫ прым. Дробны. Гэты год бульба дромная, бо суш стаяла. Альшаніца Квас.
ДРУЖБАНТ м. абрад. Шафер у жаніха. Я помню яе маладою, навет дружбантом на яе вяселлі быў. Бялавічы Кос.
ДРУЖЫНА ж. абрад. Маладыя ўдзельнікі вяселля; дружкі. Як мы жаніліся, то ў нас вялікая дружына была: у мяне пяць пар дружбантоў, у яе столькі ж. Гошчава Стайк.
ДРУЗАЛКІ мн. Тое ж, што і грузалкі. Кепско стаўкла камяк, много друзалок. Альшаніца Квас.
ДРУК м. Жэрдачка, невялікі кол, якім перагароджваюць дзверы. Летом канюшню трымаюць пры адчыненых дзвярах, на друку. Заполле Кос.
ДРУПАЦЬ незак. 1. Есці, адшчыпваючы маленькія кусочкі ад нечага вялікага. Еш добра хлеб, не друпай пальцамі. Размеркі Стайк. 2. Выполваць поле да апошняй зяліначкі. І хапая ў цябе цярпення так друпаць, гэто ж выпалала грады да апошняй зяліначкі. Альшаніца Квас.
ДРУСЛЯК м. Друшляк. Пакладзі клінок з сыром у друсляк, няхай сцякае сыроватка. Альшаніца Квас.
ДРУЧОК м. памянш. да друк. Дручком з сярэдзіны хату закрываям. Хадакі Жытл.
ДРЫГЛЕ толькі мн. Дрыжыкі, ліхаманка. Напіўся халоднай вады, то ажно дрыгле ўзялі. Заполле Кос.
78 👁