ВЫШТУКАВАЦЬ зак. Зрабіць што-небудзь, уклаўшы ў зробленае ўсё сваё ўмельства, душу. Але ж і выштукавоў граблі! Не граблі, а цацка! Заполле Кос.
ВЫЯДАЦЬ незак. Есці ўсё смачнае, быць пераборлівым у ядзе. Добра зара людзям жывецца, не ведаюць, шчо выядаць. Даўней картоплю рады былі. Стайкі Стайк. Дзяды нашы гаварылі: хлеб, соль ды вада – німа галада. Гэто зараз людзі ні ведаюць, шчо выядаць. Халап'я Падст.
ВЫЯМОК м. Яма, кар'ер. Збірала грыбы ў пасадцы ля выямка. Мілейкі Міл. Бралі, бралі жвыр у выямку, выбралі, зараз там адно вада. Міхнавічы Стайк.
ВЫЯНЧЫЦЬ зак. Дабіцца свайго праз плач і енк. Мая дзеўка выянчыла грошы на новыя туфлі. Харошча Міл.
В'ЮН м. заал. Уюн. В'юны робяць сабе продухі ў балоці, у ямах зімой, каб дыхнуць духу. Размеркі Стайк.
ВЯДЗЕРКО н. памянш. Вядзерца. Ягад гэтае вядзерко назбірала за тры гадзіны. Халап'я Падст.
ВЯДРОНЫ прым. Ураджайны, ядроны. Кажуць, калі вядрона рабіна, то восянь будзя мокрая. Хадоркі Кос. Гэты год на ўсе годзіць, усё вядронае. Хрышчонавічы Квас.
ВЯЗЫ толькі мн. Карак. Вязы баляць, мусі, надуло ці кепско ляжаў. Юкавічы Стайк.
ВЯРЦЁЛКА ж. і м. Непаседа, вяртун. Вярцёлка, не вярціся, пасядзі спакойно. Заполле Кос.
ВЯРШНЯК м. перан. жарт. Чалавек, які верхаводзіць у кампаніі. Ганна ў нас усюды першая, усюды яе верх павінен быць. Яна ў нас – вяршняк. Заполле Кос.
ВЯСЦІСЯ зак. Пладзіцца, памнажацца. Ёй каравы вядуцца, і да малака добрыя. Ятвезь Квас. У нас кажуць: "Як вядзецца, то і пятух нясецца". Заполле Кос.
ВЯТРОЎКІ мн. Басаножкі. Прыехала ўнучка з горада ў вятроўках, а дзед думоў, шчо парвала абуток, увесь у дзірках, то ўзяў налапіў. Альшаніца Квас.
ВЯЧЭРА ж. абрад. Памінальная вячэра. Усе прыходзьця на вячэру, памянем нябожчыка. Воля Жытл.
79 👁