АД СКЛАДАЛЬНIКА
Гэты слоўнік складаўся цягам 35 гадоў. У ім не толькі словы, выразы, сказы, для мяне слоўнік гучыць, ён жывы, поўніцца галасамі людзей, што збераглі такое моўнае айчыннае багацце. Вялікі ім дзякуй! На жаль, многія з іх адышлі ў іншасвет - вечная ім памяць. Няма ўжо i маіх бацькоў, Тамаша Якаўлевіча i Аляксандры Пятроўны, шчырых памочнікаў i апекуноў. Колькі адметных, непаўторных слоў пачуў я ад іх! Кожнае новае, прывезенае з вандровак, абмяркоўвалася i толькі з іх згоды ўхвалялася, папаўняла картатэку. Гэтую кнігу я ім i прысвячаю.
Шчыра дзякую майму навуковаму кіраўніку i рэдактару М.М.Аляхновічу, дацэнту, загадчыку кафедры гісторыі беларускай мовы i дыялекталогіі УА "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна", прынцыповаму крытыку, зычліваму дарадцу.
А яшчэ я маю шчасце даўняга i дарагога для мяне сяброўства з паэтам Алесем Разанавым. Гэта дзякуючы яго маральнай i матэрыяльнай падтрымцы ўбачыла свет гэтая кніга.
Выказваю глыбокую падзяку аператару раённай газеты "Івацэвіцкі веснік" Г.І. Хаванскай, якая ca згоды рэдактара пасля сваёй асноўнай працы выканала камп'ютэрны набор.
У працы побач ca мною была мая жонка Антаніна. Часта, пакідаючы тэрміновыя гаспадарчыя справы, я ездзіў па навакольных вёсках у пошуках самабытнага слова, песні, легенды, i ніколі не чуў ад яе папрокаў, нараканняў. Дзякуй табе.
24 👁