Не ідзі туды, дзе цябе не клічуць. Бялевіч І.М., 1920 г.н., 1995. Даргужы Міл.
Г. зн. не будзь надакучлівым, неадчэпным.
Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш. Грудавы Р.А., 1904 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
Зрабі тое, што задумаў, а тады будзеш радавацца.
Не кажы — не магу, а кажы — не хачу. Бялевіч М.І., 1922 г.н., 2003. Косава.
Кажуць чалавеку, калі бачаць, што ён не хоча дапамагчы.
Не кайся рана ўстаўшы і рана ажаніўшыся. Пястрак С.Д., 1907 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
Так запярэчаць суразмоўцу, які лічыць нейкае дзеянне, учынак дачасным.
а) Не шкадуй рана ўстаўшы і рана ажаніўшыся. Еўтух А.І., 1940 г.н., 1984. Заполле Кос.
Не купі двара, а купі суседа. Пархута Г.І., 1927 г.н., 2008. Жамайдзякі Міл.
Двор — тут: палац. "І ў палацы станя жыць кепско, калі сусед ліхі" (тлум. інф.).
Не мела баба клопату — купіла парася. Шчасная М.І., 1976 г.н., 1990. Бялавічы Кос.
Кажуць пра чалавека, які па сваёй ахвоце здабыў сабе лішні клопат.
Не надзявай рызы, калі не поп. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
Не бярыся за тое, чаго не ўмееш рабіць.
а) Не поп, не ўбірайся ў рызы. Лушчык І.І., 1928 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
"Ні паказвай сябе разумніком, усе ведаюць, які ты" (тлум. інф.).
Не наеўся, не наліжашся. Зайка А.П., 1911 г.н., 1985. Заполле Кос.
Не паспеў своечасова зрабіць, то цяпер і спяшаючыся не зробіш.
Не памірае стары, а паравы. Радзюк У.А., 1930 г.н., 1997. Грыўда Міл.
"Памірая той, каму прыйшла пара. Сьмерць ні глядзіць: стары ты ці малады" (тлум. інф.).
90 👁