ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ
Для дзіцяці дзень — маці, а ноч — мачыха. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Добра дзіцяці днём, калі ўсе каля яго, а ноччу яно адно" (тлум. інф.).
Добра браць, ды кепска аддаваць. Бялевіч А.Ц., 1909 г.н., 1996. Рацкевічы Міл.
"Бярэш чужоя — аддаеш сваё" (тлум. інф.).
Добрае далёка чутно, а ліхое — яшчэ далей. Здзітавец С.І., 1921 г.н., 1995. Бусяж Міл.
"Даўней так вучылі маладых шанаваць сваё ймя: добрая слава ляціць далёко, а благая — яшчэ далей" (тлум. інф.).
Добра там, дзе нас няма. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., Заполле Кос.
"Не хвалі чужоя, а сваё беражы" (тлум. інф.).
а) Там добра, дзе нас няма. Грынчык Н.І., 1944 г.н., 2008. Івацэвічы.
Кажуць таму, хто хваліць чужое, чужыя землі.
Добра, то хочацца яшчэ лепш. Серая В.В., 1912 г.н., 1987. Заполле Кос.
Добра ўсё ўмець, ды не ўсё рабіць. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
Добра, як ззамаладу косці грызеш, а на старасць — мяса. Зайка А.П., 1911 г.н., 1975. Заполле Кос.
"Лепяй ззамаладу цяжэй жыць, а старасьць каб была лёхкай, спакойнай, каб ні хварэць" (тлум. інф.).
Добрую траву сеюць, а ліхая сама ўсходзіць. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
"Дабру вучаць, а ліха само родзіцца" (тлум. інф.).
Добры будзеш, то з'ядуць, ліхі будзеш — праклянуць. Міскевіч М.М., 1913 г.н., 1995. Харошча Міл.
Добры пачатак — палавіна работы. Лушчык І.І., 1928 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
Калі добра падрыхтуешся да справы, поспех гарантаваны.
120 👁