Дзе гной, там лой. Касавец В.Р., 1921 г.н., 1995. Азярцо Падст.
Лой — нутраны тлушч (авечы, ялавічны). “Лою бывая шмат, калі ў добрым доглядзі жывёла. Так і с полям. Добра ўгноіш палеток, атрымаяш добры ўраджай” (тлум. інф.).
Дзе густа, а дзе пуста. Макарчэня М.А., 1945 г.н., 2003. Заполле Кос.
“Нівядома, якія картоплі гэты год будуць. Зышлі, дзе густо, дзе пусто” (тлум. інф.).
Дзе двое — там рада, дзе трэці — там здрада. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
“Двоя яшчэ паразумеюцца, а трэці — гэто гурт. А ў гурці мало згоды” (тлум. інф.).
Дзе іголка, там і нітка. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2009. Заполле Кос.
“Мужык і жонка — двое як адно” (тлум. інф.).
Дзе кароўка, там і вяроўка. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Згубіўшы, страціўшы большае, не трэба бедаваць пра малое, нязначнае.
Дзе коратка, там рвецца. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2002. Стайкі Стайк.
Адна бяда другую за сабою вядзе.
Дзеля абеду сто вёрст еду. Казімірчык А.П., 1928 г.н., 2004. Скураты Квас.
“На вясельле трэба ехаць за сьвет. А я й дома знайду што смачно паесьці” (тлум. інф.).
Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
Не шукай шчасця на чужыне, няма нідзе лепш, як дома.
Дзень гайды, навек бяды. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
Гайда — тут: вяселле, шумнае, шматлюднае. Выслоўе — папярэджанне маладым сур'ёзна ставіцца да шлюбу, да свайго выбару. Так пасмяюцца з таго, хто нядаўна ажаніўся. “Маўляў, вясельле — гэто весела. Вось жонка, зьвяга й жэмра, — на ўсё жыццё” (тлум. інф.).
120 👁