Даў Бог цяля, ды няма хлява. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2005. Стайкі Стайк.
"Так заўсёды ў гаспадарцы: е адно, то не хапая другого, вечная мітрэнга" (тлум. інф.).
Даўгі спаць не даюць. Мінчук М.Дз., 1930 г.н., 1997. Галенчыцы Ягл.
"Напазычаяш грошай ды думай, як аддаць" (тлум. інф.).
Дачка адна ды долі жадна, а ў каго сем — доля ўсем. Шчурко В.М., 1970 г.н., 1984. Заполле Кос.
Кажуць, калі адзіная ў сям'і дачка не мае шчасця.
Да чыстага ніякі бруд не прыстане. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
Да сумленнага чалавека ніякія нагаворы не прыстаюць.
Да яго з ласкаю, а ён з ляскаю. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Пра злоснага, сярдзітага чалавека.
Да яды мастак, а да работы сяк-так. Гардзейка А.М., 1915 г.н., 1995. Галік Міл.
Так кажуць пра гультая.
Два буслы не робяць вясны. Макарэвіч Т.І., 1935 г.н., 2001. Галенчыцы Ягл.
Не заўсёды трэба давяраць прыкметам.
Дзе баліць, там рукі, дзе міла, там вочы. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Дзе больш даходу, там больш расходу. Бахур І.В., 1925 г.н., 1996. Боркі Падст.
"Беднаму чалавеку трэба на ўсём эканоміць, а багаты дазволіць сабе раскошу" (тлум. інф.).
Дзе гарэлка, там бяда. Рабчэня Т.В., 1972 г.н., 2008. Квасевічы Квас.
Дзе гной гарбамі, там жыта капамі. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Ураджай там, дзе зямля добра ўгноеная.
112 👁