Старонка 215
◀ / 290 ▶
Баяцца як леташняга снегу. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас. Г. зн. зусім не баяцца. "Баюся цябе як леташняго сьнегу" (прыклад інф.). Баяцца як ліхой свекрыві. Шчурко М.А., 1936 г.н., 1999. Заполле Кос. Бегае за дзеўкамі як певень восеньскі. Казімірчык А.П., 1928 г.н., 1985. Скураты Квас. "Так жартуюць с хлопца-падлетка, якого дзяўчаты не ўспрымаюць усур'ёс празь яго маладосьць" (тлум. інф.). Бегае як дурны. Зайка А.Ф., 1948 г.н., 2005. Заполле Кос. Пра неўраўнаважанага, нервовага чалавека, які ніяк не знойдзе супакаення. Бегае як жыд бровара падпаліўшы. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2010. Размеркі Стайк. "Патпаліў жыд бровара, а пасьля пашкадаваў, шчо пагарачыўся, а ні патушыш ужэ. Так кажуць пра запальчываго чалавека, які зробіць альбо скажа нешчо, а назад зробленае ці слова ні верняш" (тлум. інф.). Бегае як з ланцуга сарваўшыся. Шумовіч А.В., 1924 г.н., 1996. Хрышчонавічы Квас. Так з іроніяй кажуць пра хуткага, імклівага чалавека. Бегае як непрытомны. Радзюк У.А., 1930 г.н., 1997. Грыўда Міл. Г. зн. у стане вялікага душэўнага хвалявання. Без жонкі як сяннік без саломкі. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас. "Сяньнік бес саломы – не сяньнік, а мех, мушчына бяж жонкі – ні чалавек" (тлум. інф.). Без солі яда як трава. Шумовіч А.В., 1924 г.н., 1995. Хрышчонавічы Квас. Г. зн. нясмачная. Белы як малако. Шчурко М.А., 1936 г.н., 1999. Заполле Кос. Пра чалавека, які знаходзіцца ў стане ўзрушэння.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 290 ▶