ПРАКЛЁНЫ
А гары яно гарам! Альшаніца Квас.
Г. зн. няхай прападае. "А гары яно гарам, буду я мучыцца на гэтым полі, хай зарастая" (з аповеду інф.).
А гары яно ўсё сінім полымем! Кушняры Падст.
А каб табе скула ў роце села! Бялавічы Кос.
А каб ты не даждаў! Жамайдзякі Міл.
Г. зн. каб не дачакаўся жаданага выніку.
а) Каб ты не прыждаў! Квасевічы Квас.
А каб ты скруціўся! Квасевічы Квас.
"Кап ты скруціўся, як ты круцісься, сядзі ціхо!" (прыклад інф.).
А каб цябе Пярун на гладкай дарозе цэліў! Альшаніца Квас.
Пярун — у беларускай міфалогіі бог маланкі і грому.
Акыш, каб вы павыздыхалі! Скураты Квас.
Такім воклічам праганяюць курэй.
Акыш, каб на вас карбунец напаў! Альшаніца Квас.
Карбунец — хвароба, калі на целе з'яўляецца гнойны нарыў.
Акыш, каб вас шуляк пахватаў! Хрышчонавічы Квас.
Шуляк — каршун.
А няма на вас халеры! Бусяж Міл.
А няхай вас чорт пабярэ! Быч Стайк.
А няхай ты згары! Бялавічы Кос.
А няхай яно затане! Заполле Кос.
86 👁