Казак на каня — будзе сеча. Стась І.В., 1912 г.н., 1998. Заполле Кос.
З пэўнай доляй іроніі, жартам кажуць пра зуха, малойца.
Калі хлопец пракос пройдзе і плот загародзіць, то можа жаніцца. Бялевіч І.М., 1920 г.н., 1995. Даргужы Міл.
"Так даўней казалі старыя людзі, жартуючы с хлопцаў" (тлум. інф.).
"Калі ты ўрэшце ажэнішся?" — "Каб жонка есці не пытала, то ажаніўся б". Рабчэня Т.І., 1942 г.н., 2005. Заполле Кос.
"Калі тое было?" — "Калі ты пеша пад стол хадзіў". Лушчык І.І., 1928 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
Г. зн. вельмі даўно.
Каму вінаваты — усім дарую. Голуб І.В., 1931 г.н., 2005. Скураты Квас.
Так пажартуе той, хто абцяжараны даўгамі.
Кароста — хвароба не проста. Лушчык І.І., 1928 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
Смяюцца з таго, хто захварэў на каросту.
Кахаліся — цукеркі насіў, а расставаліся — назад прасіў. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Квасок з трасок. Зайка А.П., 1911 г.н., 1984. Заполле Кос.
Г. зн. з усяго, што трапілася пад рукі. Так згатаваць умее толькі кемлівая, здатная гаспадыня. Квасок (памянш. ад квас) — суп, галоўны кампанент якога — сушаныя грыбы.
Крадзенае заўсёды смачнейшае. Жук А.І., 1934 г.н., 2004. Уласаўцы Жытл.
Так апраўдваюць сябе тыя, хто пакарыстаўся чужым.
Крупіна за крупінаю бегае з дубінаю. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Жартуюць, калі нястача ў сям'і, калі пусты, рэдкі крупнік.
Лепш замуж пайсці за альшаніцкага пастала, чым за квасевіцкага бота. Лушчык В.І., 1930 г.н., 1995. Альшаніца Квас.
Мясцовая показка. Гаварылі так дзяўчаты з Альшаніцы, бо яны ганарыліся сваёй вёскай, у якой былі ўсе выгоды: і лес, і рэчка, — чаго не было ў суседніх Квасевічах.
77 👁