Гора скача, гора плача, гора песенькі пяе. Зайка А.П., 1911 г.н., 1985. Заполле Кос.
"Гора ні дасьць спакою: і заскачаш, і заплачаш, а надакучыць гараваць, то будзяш песенькі сьпяваць" (тлум. інф.).
Госпадзі, забі таго да смерці, у каго жонка хароша і многа грошай. Лісок М.І., 1932 г.н., 1999. Альшаніца Квас.
Хароша – прыгожая. Так смехам кажа чалавек, якому не шанцуе.
Госць, не дзьміся, а еж, што ў місе. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2001. Размеркі Стайк.
Гуляй, тата, заўтра свята, а па свяце будзе гуляць маці. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Перад святам жанчына ў клопатах, у турботах, муж вольны ад іх. А пасля свята ўжо жанчына вольная, можа даць сабе спачынак.
Гэта ж твой бацька, як валы краў, то хлявы зачыняў, а ты хаты зачыніць не хочаш. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Кажуць таму, хто не зачыняе за сабою дзверы.
Гэтак есці хочацца, што начаваць няма дзе. Шыманчык А.П., 1941 г.н., 2001. Скураты Квас.
Гэта не бык, што карова бора, гэта не мужык, што жонка б'е. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Гэта не бяда, як п'ецца вада. Лушчык Л.І., 1958 г.н., 2008. Альшаніца Квас.
Вада п'ецца пасля сытнага абеду.
Гэта не кум, што на куме не быў. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
Гэтую бяду я рукамі развяду. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2001. Размеркі Стайк.
Такімі словамі супакоіць аптымістычны чалавек.
Дай, Божа, хлопца нежанатага, але багатага. Шчурко Ф.А., 1926 г.н., 2001. Заполле Кос.
Так прыгаворваюць, жартуюць маладыя дзяўчаты.
85 👁