КАЛЬБЕЛЬ ж. Падвесная калыска. Ён, як пачаў на ногі станавіцца, ні адзін рас с кальбёлі вывальваўсё.
КАМПОР м. У выразе як кампор у воду—бясследна. Прапаў, як кампор у воду — і сьледу ніякаго німа.
КАРАБАН м. Складка на скуры, матэрыі, зморшчына. Ат старасьці ў яго ўжо шкура ў карабанэ пабралася.
КАРБ м. Гадавое кольца на розе каровы. Каня па зубох пазнаюць, ці стары, а карову — па рагох, сколькі карбоў — столькі год.
КАРБОВАНЫ прым. Ціснёны. Для кветак трэба карбованая бумага, бо з глаткаі кепскія палучаюцца.
КАТЭ мн. Невысокія, пашытыя на ваце валёнкі з апухай, якія насілі звычайна ў хаце.
КАШАПЛЁТ м. Той, хто пляце кошыкі. перан. Выдумшчык. Толькі слухай гэтаго кашаплёта — ён табе нагаворыць сорак бочак арыштантаў.
КАШТАЛОМ м. Ліха. Кашталом некі ўбіўсё — за адзін гот сьвіня здохла і жарабя пярэзімак.
КІТКА ж. Гронка. Ярабіны і каліны вёлькімі кіткамі растуць.
КЛЁМБЫ мн. Абутак з закрытым верхам на драўлянай падэшве. У вайну многія клёмбы насілі. З брызенту або са старых бацінак пярадэ прыбівалі да выразанаі зь дзерава падэшвы і насілі.
КЛЫПША м. і ж. Кульгавы чалавек. Пакуль гэтая клыпша дачыкіляя да Жыкобарка, дак і сонцо зойдзя.
КНЭПЯЛЬ м. Драўляная шпілька, якой прымацоўваюць да папярэчкі бярвенні ў плыце. Кнэпяляў с крывого дзерава ні наколяш.
КОХЛІК м. Коклюш. Раней дзеці боляй кохлікам хварэлі, як цяпер, бо лякарстваў ні было.
КРУЧКАВАНКА ж. Вяровачная пуга, звітая асобым спосабам. Кручкаванка мацней б'е, як сурамятная, асобянно мокрая — яна становіцца як драцяная.
КРУЧОК м. Старая мера вадкасці (і пасудзіна), роўная 1/8 літра.
КРЫВУЛЯ ж. Зробленая з крывога камля дэталь, да якой прымацоўваюцца дно і бакавыя дошкі лодкі. Я зрабіў чайку на чатэры крывулі.
КРЫЖАВАНКА ж. Парода дзікіх качак. Крыжаванкі большыя за цыранак.
КРЫШЭНЬ м. Скрыль. Пакрышы картоплю, але малымі крышанямі, кап скарэй зварылася.
81 👁