Старонка 161
◀ / 353 ▶
СУХАПАРНІКІ мн. Смажаная бульба, нарэзаная скрылькамі. СЫРАКВАША ж. Кіслае малако. Вупі, донька, сыраквашы. СЫТЫ прым. Тлусты. Сыты кабан, пудоў на восім сала будзе. ТАЙКА ж. Зварот да сяброўкі. Мая ж ты тайка, ета ж такая няпрыятнасць палучылася. ТАЎКУШЧЫ прым. Вельмі рухавы, які не сядзіць на месцы. Такое ж таўкушчае дзіцятка вурадзілася, шчо ні мінутачкі не пасядзіць. ТРАМЦЕЦЬ незак. Калаціцца, дрыжаць ад жадання. Аж трамціць у кіно. ТРУІЗНА ж. Вельмі дрэнны чалавек. Ета ж не чалавек, а труізна якаясь. ТРЫХІ ДА МНІХІ. Пра дарэмную трату часу. Трыхі да мніхі, дай дзень прайшоў. УБУЦЕЦЬ зак. Паразумнець, пасталець. Можа ён параменіцца, як трохі ўбуцяе. УВАБГАЦЬ зак. Шчыльна ўлажыць, уціснуць. Усе у чамайдан увабгала. УЗАВЕТАЧКУ прысл. У тую ж мінуту, адразу. Папрасіла і яна узаветачку паслухалась. УПАДРАД прысл. Запар. Гулялі чатыры дні ўпадрад. УПЛІСКАЦЦА зак. метаф. Моцна закахацца. Мая ж донька так упліскалася у яго. УПОРАЦЦА зак. Тое, што і папорацца. УПРЫНЬДЗІЦЦА зак. Закапрызіць, заўпарціцца. Упрыньдзіўся, няйдзе далей, хоць ты галасі. УХАБАТАВАЦЦА зак. Супакоіцца. От жа дзеткі! Ніяк не ўхабатуюцца. Ніяк іх спаць не аблажыць. УХАДОКАЦЬ зак зневаж. і метаф. 1. Зрасходаваць, патраціць. Пашла ў лаўку і ўсе грошы ухадокала. 2. Разбіць што-небудзь. Такую красівую тарэлку ухадокала. УЦІРАНІК м. Ручнік. Вутрыся ўціранікам. ХІБЕТНІЦА ж. Жанчына, якая ўсё вельмі добра ўмее рабіць. Тож узяў сабе жонку, такая хібетніца! ХІМЕРАДЫ мн. У выразе устанаўлюваць хімерады — рабіць усё на свой лад, камандаваць па-свойму. Ты мне тут свае хімерады не ўстанаўлюй. ХІРКАЦЬ незак. Кашляць з хрыпамі. Цэлу ноч хіркаў, як старый дзед.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
84 👁
◀ / 353 ▶