Кратавінне — нарытыя кратамі купкі зямлі. Увесь гарод у кратавінні, як завёўся крот.
Кратацца — рухацца. Як бы цяжка ні было, трэба кратацца, каб жыць.
Крок — шырынка. Зашпілі крок, а то пітуха свайго згубіш, вылеціць.
Кроклы — кроквы; яшчэ — тыповы, прыродны, характэрны. Глядзіш, к зіме ў сваю хату ўвойдзім, ужо й кроклы паклалі. Кроклы ўжо парашацілі, засталося драніцамі пакрыць — і страха гатова. Сімкін — кроклы жыд, з усіх вылучаіцца.
Круглёвіна — кружляк, круглы кавалак. Дзве круглёвіны здору таплёнага дала яму.
Кругловіна — яма, калдобіна. Дажджы прашлі, і ўсю дарогу кругловіны пабілі.
Кружнік — скручанае ў круг. Цэлы кружнік дроту валяецца.
Круканосы — гарбаносы; нос, як у крука. У Праксэды сын круканосы, а мужык з кірпатым носам.
Крупяная — з круп. Кашы крупяной наварыла, укруціла ў фуфайку, каб ня стыла.
Крутадушнік — няшчыры, двурушны, крывадушны. Німа яму веры, крутадушніку, вечна душой круціць.
Крутарог — з крутымі (гнутымі) рагамі (казёл); яшчэ — мужчынскі струмант. Ёсь у мяне крутарог, што шавеліць паміж ног.
Крутуха — порсткая жанчына; яшчэ — полька-крутуха. Яніна такая крутуха, на месцы ня ўседзіць ні хвіліны. Так уляглі ў польку-крутуху, — духі вон!
Круцікі — розная жамяра ў вадзе. Даланёй балацінку працісніш, здзюмухнеш круцікаў і п'еш.
87 👁