*
Курыца-квактуха
Вадзіла дзяцей
Каля кляцей.
Квок — сесці
На чырвоным месці.
(«Квактуха» — дзіцячая гульня часінаў мамы.)
Кошачка-ласачка, дзе была? — У папа. — Што рабіла? — Кросны ткала. — Што заробіла? — Кусок сала. — А дзе дзела? — Сама з'ела. — Апсік, апсік! (Лічылка.)
*
Казаў бацька: казу дам
І з маленькім казяням.
Будзем казу даіці,
Казлянятак паіці.
Казу дам, казу дам
І з маленькім казяням.
(Прыпявалі, танцуючы з малым «казу»).
Пахадні — гульня, забава, каб заняць дзяцей. Каб адчапіцца ад надаядлых і шумных малых, каб хоць на час пацішэла ў хаце, звычайна гаварылі: «Збегайце вазьміце ў Музыканціхі пахадні». Малыя бягуць у крайнюю хату: «Матка сказала, каб мы забралі нашы пахадні». А там ужо ведаюць, што гэта проста забава, і пасылаюць да Мікіціхі, а Мікіціха пасылае да Піліпіхі. І так, пакуль усю вёску абгаляпуюць, суцішацца дуронікі й на паветры набудуцца.
Пікар — дзіцячая гульня, у якой рознымі спосабамі палкай збіваецца бляшанка.
74 👁