Алеха — вольха. Насек белай алехі, усё ж дровы будуць.
Амердзіцца — апрацівець, збрыдзець. Амердзіўся ён мне, нідзе ад яго праходу німа. Амердзілася мне ўсё, куды ні глянь — свінні, а ня людзі.
Анадоень — надоечы. Анадоень яшчэ бачыліся, і на табе — памерла.
Анелюбець — знелюбець. Анілюбела мне гэта хата, ды ня ведаю, куды ўцячы.
Анінютанькі — нізавошта, ні ў якім разе. Да работанькі анінютанькі, а да любатанькі, ах, мае матанькі.
Апагодзіцца — распагодзіцца. Як апагодзіцца, дык гэтыя травы бяруць і ў ямы кладуць.
Ападанкі, ападонне — ападак на дне катла ці місы; яшчэ — апалая садавіна. А яму асталося толькі ападанкі з'есці. Узвар увесь выпілі, адно ападонне асталося. Наліў ападоння й частуіць, пі сам. Цэлы мех ападанак назбіралі.
Ападоліцца — быць у жонкі пад слухом. Быў малец як малец, ды ападоліўся.
Апантаны — утрапёны, нястрыманы, звар'яцелы. Апантанаму й мора па калену, і хмары па барадзе.
Апаследкі — рэшткі, астаткі. Апаследкі дошак ссунуў з машыны.
Апіра — апора. Гэта мая апіра надзейная.
Аплэвуш — ацеслівы, непадцягнуты, няўзглядны. На такога аплэвуша ніякая дзеўка не паглядзіць.
Аплятанік, пляцёнак — буталь, аплецены лазой. Бражкі быў цэлы аплітанік, дык выпіў адзін. Пляцёнак бражкі на стол — гуляй да ночы, пакуль запацеюць вочы!
90 👁