Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÀÀ Аб воўку (на воўка) памоўка, а ён сам тут. Гл. Пра воўка (аб воўку) памоўка, а ён сам тут. Абедаў, а жывот не ведаў. Кажуць пра дрэнную яду, калі хто-н. не пад'еў. Нажэрліся мы гэтай бручкі, як каровы, і ўсё роўна, што і не еў чалавек. Як той казаў – абедаў, а жывот не ведаў (Я. Брыль. Зязюленька). «Абедаў, а жывот не ведаў» – любімая прымаўка дзеда Фёдара, які прымаў гасцей да стала, што аднекваліся: маўляў, мы ўжо абедалі (Т. Мушынская. Чалавек не адзін на зямлі). – А сам ты, пэўна, галодны?.. Кішкі марш іграюць? – Ну, не еў, – крыху памяўшыся, сціпла адказаў Кузёмка і адразу пажвавеў, зрабіўся весялейшым. – Абедаў, а жывот не ведаў, – дадаў ён, – але я прывыкшы (У. Гніламёдаў. Валошкі на мяжы). – Насовіч, с. 117: Абедаў, ды жывот не ведаў; Федароўскі, с. 2: Снедаў, абедаў, а жывот не ведаў. Абед на абед не тое, што кій на кій. Звычайна гаворыцца ў адказ таму, хто, адмаўляючыся ад пачастунку, кажа, што ўжо абедаў. Ганна тым часам на стол сабярэ. Абедаць хоць, можа, і рана, але ж некалі мой Гірша казаў – абед на абед не тое, што кій на кій (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). – Янкоўскі, с. 160: Абед на абед – не тое, што кій на кій; Выслоўі, с. 143: Абед на абед не зашкодзіць, а кій на кій пашкодзіць; Абед на абед – не палка на палку; Ліцвінка, с. 90: Абед на абед – не кій на кій. Або пан або прапаў. Гл. Пан ці прапаў. Абразу лепей праглынуць, чым яе разжоўваць. Гаворыцца як парада не надаваць пачутай абразе асаблівай увагі. Ёсць мудрая пагаворка – абразу лепей праглынуць, чым яе разжоўваць. Ну і праўда, калі нехта назваў цябе дурнем, то прапусці міма вушэй, а не хадзі і не скардзіся ўсім, хто трапіў пад руку – «ён назваў мяне дурнем»... (Л. Арабей. Мокры снег). Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Няма патрэбы праяўляць станоўчыя адносіны да каго-н. Кажуць іранічна пра таго, хто не заслугоўвае чаго-н. станоўчага. Пасля ён [Міхал] сурова сказаў мне: – Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі [«паляўнічымі»] добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле (У. Караткевіч. Дзікае паляванне караля Стаха). – Федароўскі, с. 61: Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

падеў
52 👁
 ◀  / 696  ▶